У Гомельскай вобласці ціха закрылі бальніцу, назваўшы гэта рэарганізацыяй
2- 3.11.2025, 13:17
- 7,558
Чыноўнікі схлусілі.
Відэа з кадрамі часткова занядбанай тэрыторыі Свяцілавіцкай ўчастковай бальніцы ў Веткаўскім раёне заўважыў «Флагшток». Пад ролікам з'явілася мноства каментароў: людзі выказалі шкадаванне з нагоды таго, што будынак калісьці папулярнай медыцынскай установы апусцеў, і абурэнне, што «ўсё развалілі».
«Уся Гомельская вобласць прыязджала лячыцца… Лічылася адным з найлепшых рэабілітацыйных аддзяленняў у вобласці», — напісала былая медыцынская работніца.
«Па ўсёй краіне такіх месцаў шмат, а раней такія аб’екты не тое што закрываліся, а развіваліся і будавалі новыя», — выказаў меркаванне іншы карыстальнік.
Як высветліў «Флагшток», бальніцу закрылі ціха, без аб'яў і афіцыйных публікацый. Ні ў раённай газеце, ні на іншых дзяржаўных рэсурсах інфармацыі пра гэта няма. Адзінае згадванне з афіцыйным каментарыем — адказ на пытанне чытача ў «Сельскай газеце».
Паведамлялася, што жыхарку Хойніцкага раёна «устрывожыла тое, што, паводле чутак, з 1 студзеня 2025 года закрыюць Свяцілавіцкую ўчастковую бальніцу», якая «наша выратаванне, там дапамагаюць аднавіцца пасля розных траўмаў».
У газеце тады напісалі, што «слухі развеяла» начальніца аддзела арганізацыі медыцынскай дапамогі галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Гомельскага аблвыканкама Наталля Мастерская. Яна заявіла:
«Закрываць установу не будзем. Яе чакае пэўная рэарганізацыя: 20 рэабілітацыйных ложкаў перанясуць на базу Веткаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Гэта адбываецца згодна з нарматыўнымі прававымі актамі. Умовы для пацыентаў толькі палепшацца: ім не давядзецца ехаць у Свяцілавічы, што ўскладняе лагістыку для людзей з іншых раёнаў, а праходзіць рэабілітацыю проста ў Ветцы».

Па сутнасці ж бальніца апынулася закрытай.
Пацыентаў прыцягвалі ў Свяцілавічы не толькі працэдуры, але і маляўнічая прырода, прыгожае возера, тэрыторыя вакол — менавіта гэта спрыяла рэабілітацыі. У Свяцілавіцкую бальніцу ехалі як у санаторый.
Яшчэ ў 2018 годзе газета Веткаўскага райвыканкама ўздымала тэму закрыцця бальніцы ў Свяцілавічах, адзначаючы, што «сярод сялян папаўзлі чуткі аб закрыцці бальніцы» і «каб колькі людзей ні пераконвалі ў адваротным, чутка вылілася ў зварот у Адміністрацыю Прэзідэнта».
Тады ўлады пераконвалі, што нягледзячы на «аптымізацыю», бальніца будзе працаваць:
«Больш за тое, на раённым узроўні прынята рашэнне захаваць тэрапеўтычнае аддзяленне ў ранейшым выглядзе. Жыхары навакольных вёсак будуць атрымліваць лячэнне на месцы ў ранейшым рэжыме».
Пра тое ж заяўляў і былы кіраўнік абласнога ўпраўлення аховы здароўя, так званы дэпутат Мікалай Васількоў:
«Свяцілавіцкая бальніца будзе існаваць. І ўзровень медыцынскай дапамогі захаваецца тут на ранейшым узроўні. Гэта датычыцца і рэабілітацыйнага аддзялення, паслугі якой цэняць далёка за межамі Веткаўскага раёна, і ложкаў сястрынскага догляду, запатрабаванасць якіх вельмі высокая, і тэрапеўтычнага аддзялення, дзе можна атрымаць першую дапамогу».
Праўда, гэта публікацыя на сайце раёнкі ўжо недаступная, але яна захавалася ў вэб-архіве.

Цяпер, паводле слоў мясцовых жыхароў, адзінае, што засталося ў Свяцілавіцкай бальніцы, — гэта аддзяленне сястрынскага догляду, «і тое, кажуць, толькі да канца года».
Раней, як сказана на сайце Веткаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, у Свяцілавічах была паліклініка на 250 наведванняў за змену і з аддзяленнем дзённага знаходжання на 5 ложкаў, аддзяленне сястрынскага догляду на 40 ложкаў, пост хуткай медыцынскай дапамогі на адну выязную брыгаду. Тут былі паслугі фізіятэрапіі, хваёвыя ванны, гразелячэнне, скіпідарныя ванны.
Першапачаткова будынак у Свяцілавічах быў пабудаваны як дзіцячы санаторый. Але пасля катастрофы на ЧАЭС у новым комплексе было арганізавана міжраённае аддзяленне ранняй медыцынскай рэабілітацыі для хворых траўматалагічнага профілю. Тут пачалі прапаноўваць пацыентам сваю крыніцу мінеральнай вады, вада- і гразелячэбніцу, ароматэрапію, электрасвятлолячэнне, залу ЛФК, масаж, іншыя працэдуры.
Амаль сорак гадоў, да канца свайго жыцця, бальніцу ўзначальваў заслужаны ўрач БССР, кавалер ордэна «Знак Пашаны» Валерый Родзін. У памяць пра яго на будынку бальніцы ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
«Калі б Родзін падняўся, ён бы зноў лёг у магілу. Так запусцілі і знішчылі бальніцу», — напісаў адзін з каментатараў.
З ліквідацыяй бальніцы вёска Свяцілавічы, якой быў нададзены статус аграгарадка, перажывае сваё другое выміранне — пасля першага, з-за чарнобыльскай катастрофы.