7 снежня 2025, Нядзеля, 11:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як дыктатура прыручае інтэрнэт

3
Як дыктатура прыручае інтэрнэт

Параўнанне мадэляў Беларусі і Расіі.

У пачатку 2010-х, пасля Арабскай вясны, інтэрнэт здаваўся галоўным ворагам аўтарытарызму. Аднак за мінулае дзесяцігоддзе недэмакратычныя рэжымы — у Беларусі і на ўсёй постсавецкай прасторы — навучыліся выкарыстоўваць яго ў сваіх інтарэсах і ствараць уласныя мадэлі лічбавага кантролю, піша Цэнтр новых ідэй.

Сучасныя аўтакратыі больш не блакуюць інтэрнэт — яны яго перапраграмуюць, ператвараючы ў інструмент назірання, прапаганды і кантролю. Аўтакраты таксама адаптавалі сацыяльныя сеткі, стварыўшы сістэму «кіраванай адкрытасці»: камунікацыя фармальна дазволеная, але толькі ў межах загадзя акрэсленых рамак. Лічбавы кантроль стаў новым элементам аўтарытарнай устойлівасці.

Асабліва выразна гэтыя тэндэнцыі праяўляюцца на постсавецкай прасторы, дзе ўлада адначасова баіцца інтэрнэту і залежыць ад яго як ад інструмента ўплыву. Беларусь і Расія ілюструюць дзве мадэлі кантролю за лічбавай прасторай: «легалісцкую» і «інфраструктурную».

Расійскі падыход пакуль менш рэпрэсіўны, але ўсё адно ў значнай ступені душыць свабоду слова. Да таго ж вопыт беларускіх пратэстаў і адказ уладаў на іх паказваюць, што Крэмль можа хутка перайсці да беларускіх метадаў анлайн-цэнзуры.

Беларусь: «легалісцкая мадэль» лічбавага падаўлення

У 2020 годзе Telegram-каналы кшталту прэславутага NEXTA, шматлікія чаты і групы прыхільнікаў перамен паказалі, як масавыя дзеянні могуць пачынацца з каардынацыі ў анлайн-прасторы, як у ёй ствараецца адчуванне салідарнасці. Для ўлады гэта стала шокам: сетка ператварылася ў інструмент палітычнай мабілізацыі, а значыць — у пагрозу.

У спробе падавіць хвалю незадаволенасці — а заадно і ўласны страх перад магчымасцю яе паўтарэння — беларускія ўлады абвясцілі амаль усе буйныя незалежныя медыя і анлайн-рэсурсы «экстрэмісцкімі фарміраваннямі». Іх сайты, старонкі і нават лагатыпы былі ўнесены ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Тая ж доля спаткала і грамадскія арганізацыі, чые публікацыі не ўпісваліся ў афіцыйны наратыў.

Сёння дастаткова проста падпісацца на «няправільны» Telegram-канал, каб атрымаць штраф або арышт. У Беларусі свабоднае чытанне, па сутнасці, стала правапарушэннем.

Кантроль распаўсюдзіўся і на паводзіны карыстальнікаў: «неасцярожныя» лайкі, рэпосты і нават каментары, якія можна трактаваць як абразу на адрас уладаў, вядуць да пакаранняў.

Дапаўняюць гэтую сістэму рэгулярныя «афлайн» праверкі тэлефонаў — асабліва пры перасячэнні мяжы, калі сілавікі патрабуюць разблакаваць прыладу і правяраюць падпіскі ў мэсэнджарах.

Пры гэтым Беларусь, у адрозненне ад Расіі або Кітая, не спрабуе выбудаваць уласную лічбавую экасістэму — стварыць «нацыянальныя» аналагі глабальных сацыяльных сетак.

Прычына банальная: у дзяржавы няма рэсурсаў, кадраў і інфраструктуры, каб канкурыраваць з гігантамі кшталту Telegram, YouTube або TikTok.

Тэхнічных бар’ераў, кшталту нацыянальнага файрвола, у Беларусі таксама няма. Кантэнт «экстрэмісцкіх» сайтаў блакуецца, але сацыяльныя сеткі фармальна даступныя. Выкарыстанне VPN-сэрвісаў лічыцца незаконным, аднак на практыцы не караецца.

Таму беларускую мадэль кантролю над інтэрнэтам можна ўмоўна назваць «легалісцкай». Яна грунтуецца не на тэхналагічным кантролі, а на прававым падаўленні. Дзяржава не блакуе, а крыміналізуе спажыванне незалежнай інфармацыі.

Замест фільтраў і файрволаў — крымінальныя артыкулы і бясконцыя спісы «экстрэмістаў».

Акрамя таго, абвінавачанні незалежных медыя і сацыяльных сетак у арганізацыі «каляровай рэвалюцыі», нібыта інспіраванай Захадам, арганічна ўпісваюцца ў афіцыйны наратыў. Улады здымаюць з сябе любую адказнасць за ўнутраныя крызісы і гвалт 2020 года.

Масавыя пратэсты ў гэтым тлумачэнні — не вынік уласных памылак, а наступства «інфармацыйнай вайны», нібыта развязанай супраць Беларусі з дапамогай «усемагутных» заходніх платформаў.

Расія: «інфраструктурная мадэль» лічбавага кантролю

Калі ў Беларусі ўлада выбрала шлях татальнага запалохвання, то ў Расіі стаўка пакуль робіцца на адносна кропкавае прымяненне рэпрэсіўнага заканадаўства, а таксама на стварэнне ўласнай інфраструктуры «суверэннага інтэрнэту».

Першыя сур’ёзныя крокі па перасадцы расійскіх карыстальнікаў на айчынныя альтэрнатывы былі зроблены ў 2024 годзе. Тады ў краіне пачалі запавольваць хуткасць YouTube.

У выніку істотна выраслі прагляды VK Видео, сэрвісу, створанага пад парасонам кантралюемай дзяржавай сацыяльнай сеткі VK. Ужо на пачатку 2025-га памер аўдыторыі гэтага сэрвісу перавысіў паказчыкі YouTube.

А ўсяго некалькі месяцаў таму былі абмежаваныя званкі і перасылка файлаў у WhatsApp і Telegram — нібыта дзеля абароны расіян ад ашуканцаў, якія дзейнічаюць праз гэтыя мэсэнджары.

Ім на змену актыўна прасоўваецца «нацыянальны» мэсэнджар MAX, таксама створаны пры ўдзеле VK Group. Яго перадусталёўка на мабільных прыладах і інтэграцыя з сэрвісамі дзяржаўных паслуг павінны забяспечыць «зручную» і «бяспечную» камунікацыю — фактычна ж гэта перанос прыватных зносін грамадзян пад прамы нагляд дзяржавы.

Паводле афіцыйных паведамленняў самога мэсэнджара, ім ужо карыстаюцца больш за 50 мільёнаў. А паводле апытанняў незалежных сацыёлагаў гэтая лічба складае ўсяго 6% дарослага насельніцтва Расіі — прыблізна 7 мільёнаў з каля 120 мільёнаў паўналетніх грамадзян.

Акрамя таго, пераход на MAX актыўна навязваюць бюджэтнікам, студэнтам, бацькам у школьных чатах. Праўда, ёсць сведчанні, што расіяне масава купляюць старыя смартфоны, каб усталяваць айчынны мэсэнджар толькі «для галачкі».

Больш за тое, амаль 50% рэспандэнтаў у адным з тэлефонных апытанняў заявілі, што і ўвогуле паспрабуюць пазбягаць яго выкарыстання.

Найбольш нядаўнім крокам да паступовай ізаляцыі расійскага інтэрнэту ад знешняга свету стала рэгулярнае адключэнне мабільнага інтэрнэту ў рэгіёнах. І гэта адбываецца не толькі там, дзе фіксуюцца атакі ўкраінскіх дронаў. Паралельна ўлады дзясяткаў рэгіёнаў, фармальна, нібыта «па ініцыятыве мабільных аператараў», ухвалілі так званыя белыя спісы сайтаў, якія даступныя толькі пры ўмове праходжання спецыяльнай ідэнтыфікацыі.

Па сутнасці, карыстальніку неабходна прадаставіць максімум персанальных даных, каб атрымаць доступ да «дазволенай часткі інтэрнэту».

Зразумела, у гэтых спісах няма незалежных медыя, а з мэсэнджараў і сацыяльных сетак даступныя толькі праўладныя платформы, у першую чаргу той жа MAX. Наколькі такая сістэма ўкараніцца, пакуль незразумела, але ўжо відавочна, што яна можа захавацца і пасля вайны.

Белыя спісы фактычна разглядаюцца як рэпетыцыя паўнавартаснага «суверэннага інтэрнэту», з файрволам ад знешняга свету, магчыма нават больш жорсткім, чым у Кітаі.

Паралельна ў Расіі існуе і прававая база для лічбавага кантролю — усё больш размытае заканадаўства пра «замежных агентаў» і «антыэкстрэмісцкае» заканадаўства. Асобныя журналісты і рэдакцыі атрымліваюць статус «замежных агентаў», што фактычна прыраўноўвае іх да здраднікаў і з вялікай верагоднасцю зніжае давер аўдыторыі.

Найбольш актыўныя прадстаўнікі незалежных медыя — напрыклад, журналісты тэлеканала «Дождь» — уключаюцца ў пералік экстрэмістаў і тэрарыстаў, супраць іх узбуджаюцца завочныя крымінальныя справы за «фэйкі пра армію» і «дыскрэдытацыю дзяржавы».

Мадэлі ўсё яшчэ розныя — мэта агульная

І ўсё ж, у адрозненне ад Беларусі, у Расіі пакуль не назіраецца татальнага прызнання ўсіх незалежных крыніц «экстрэмісцкімі». Чытанне незалежных СМІ або падпіска на іх сацсеткі не крыміналізаваныя.

Нават новы закон пра «наўмысны пошук экстрэмісцкіх матэрыялаў» пакуль не прымяняецца. Да таго ж у спісы гэтых матэрыялаў пакуль не ўнесеныя ключавыя апазіцыйныя рэсурсы — дзяржава дзейнічае выбарачна, а не пагалоўна.

Прычына адрозненняў з Беларуссю — не толькі ў тым, што ў расійскіх уладаў ёсць рэсурсы для стварэння ўласных лічбавых сэрвісаў. Расія яшчэ ў 2000-х пабудавала ўстойлівую IT-экасістэму — ад VK да Яндэкса.

Важней тое, што ў РФ пакуль няма масавай пратэстнай хвалі, супастаўнай з беларускай у 2020-м. Пры адсутнасці маштабнага ўнутранага крызісу Крэмль можа дзейнічаць паступова, не рубячы з пляча і не раздражняючы лаяльную частку грамадства.

Тым не менш логіка развіцця відавочная. Забараны ўводзяцца па кроках: спачатку запаволенне YouTube, потым абмежаванні на WhatsApp і Telegram, затым — белыя спісы і рэгіянальныя адключэнні інтэрнэту.

Калі ўзнікне сур’ёзны ўнутраны выклік, расійскія ўлады могуць адмовіцца ад паступовага падыходу і перайсці да жорсткага сцэнару — масавых забаронаў, суцэльнай «экстрэмізацыі» незалежных рэсурсаў і закрытага «інтэрнэту па прапусках».

Больш за тое, і без такіх сур’ёзных крызісаў адрозненні паміж расійскай і беларускай мадэлямі сціраюцца. Як відаць на графіку вышэй, абедзве краіны рухаюцца па агульных траекторыях — да канвергенцыі лічбавага аўтарытарызму.

Дзяржава ў Расіі і Беларусі перастала абараняцца, цяпер яна атакуе свабодны інтэрнэт, падпарадкоўваючы яго і распаўсюджваючы ў ім сваю ідэалогію.

У гэтым плане абедзве краіны апынаюцца ў адным шэрагу з іншымі жорсткімі аўтакратыямі, кшталту Кітая або Ірана, якія жорстка фільтруюць кантэнт.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках