ЕС рыхтуе план «ваеннага Шэнгену»
2- 5.11.2025, 14:29
- 3,276
Каб паскорыць рух салдат і зброі.
Еўрапейская камісія працуе над праектам «ваеннага Шэнгену», які прадугледжвае стварэнне зоны ваеннай мабільнасці ЕС, што павінна забяспечыць хуткае транспартаванне салдат, зброі і боепрыпасаў у выпадку магчымага ўзброенага канфлікту з Расіяй.
Пра праект паведамляе радыёстанцыя RMF FM.
Еўрапейская камісія павінна прадставіць дакумент па «ваенным Шэнгене» 19 лістапада.
Брусельскія чыноўнікі, якія працуюць над праектам, кажуць, што, між іншым, ён дазволіць гарманізаваць правілы і працэдуры па ўсім Еўрапейскім Саюзе і стварыць сетку ваенных лагістычных калідораў з выкарыстаннем дарог, аэрапортаў і марскіх партоў. Усё гэта накіравана на забеспячэнне эфектыўнага транспартавання салдат і тэхнікі ў выпадку вайны.
«Цяпер еўрапейскія масты, дарогі і чыгуначныя лініі не прыстасаваныя для хуткага перамяшчэння танкаў, салдат і ваенных грузаў. У выпадку транспартавання з захаду на ўсходні фланг — танкі могуць застраваць у тунэлях, у складанай бюракратыі, а масты не вытрымаюць праходжання гэтых машын», — тлумачыць Дарыуш Ёнскі, сябра камітэта Еўрапарламента па пытаннях абароны.
Як стала вядома, адказныя за праект «ваеннага Шэнгену» рыхтуюць яго ў цесным супрацоўніцтве з Паўночнаатлантычным альянсам.
Ваенныя чыноўнікі адзначаюць асноўныя праблемы, якія неабходна ліквідаваць, каб войскі НАТА не толькі бесперашкодна перамяшчаліся па ўсёй тэрыторыі, але і не мелі праблем з рэгуляваннем у асобных краінах. Цяпер ваенны транспарт вымушаны чакаць дазволу на праезд да некалькіх дзён.
Еўрапейская камісія таксама разглядае магчымасць увядзення «рухомага складу салідарнасці двайнога прызначэння». Сярод іншага, ідзе гаворка пра спецыялізаваныя вагоны і лакаматывы, якія можна было б выкарыстоўваць у агульным ваенна-транспартным пуле.