Развянчаны папулярны міф пра мозг
10- 5.11.2025, 15:27
- 2,366
Жаночы мозг не старэе хутчэй за мужчынскі.
Навукоўцы з Універсітэта Осла высветлілі, што працэс нармальнага старэння не аказвае на жаночы мозг мацнейшага ўплыву, чым на мужчынскі. Наадварот, у мужчын з узростам назіраецца крыху больш выяўленае змяншэнне некаторых структур мозгу. Праца апублікаваная ў часопісе Proceedings of the National Academy of Sciences (PNAS).
Даследчыкі прааналізавалі 12 638 МРТ-сканаў 4726 здаровых людзей ва ўзросце ад 17 да 95 гадоў. Кожны ўдзельнік праходзіў абследаванне як мінімум двойчы з інтэрвалам каля трох гадоў, што дазволіла ацаніць змены ў мозгу ў дынаміцы.
Даследчыкі вымяралі таўшчыню і плошчу паверхні кары вялікага мозгу, а таксама аб’ём шэрага і белага рэчыва. Высветлілася, што ў мужчын скарачэнне аб’ёму мозгу і станчэнне кары адбываюцца крыху хутчэй, асабліва ў зонах, звязаных са зрокам і памяццю. У жанчын больш выяўленай апынулася толькі ўзроставая дэградацыя невялікай вобласці скроневай долі. Пры гэтым адрозненні былі мінімальнымі — напрыклад, хуткасць змяншэння таўшчыні кары адрознівалася ўсяго на адну дзясятую працэнта ў год.
Навукоўцы таксама праверылі, як узрост і працягласць жыцця ўплываюць на вынікі. Пасля ўліку таго, што жанчыны ў сярэднім жывуць даўжэй, адрозненні паміж паламі амаль зніклі. Гэта сведчыць пра тое, што само па сабе старэнне мозгу не тлумачыць, чаму хвароба Альцгеймера часцей сустракаецца ў жанчын.
«Мы не знайшлі прыкмет таго, што жаночы мозг з узростам дэградуе хутчэй», — расказала аўтарка даследавання Аннэ Равндал. — «Прычыну большай распаўсюджанасці дэменцыі ў жанчын, верагодна, варта шукаць у іншых фактарах — працягласці жыцця, генетыцы або асаблівасцях дыягностыкі».
У будучыні каманда плануе вывучыць, як структурныя змены мозгу звязаныя з памяццю ў мужчын і жанчын — магчыма, аднолькавыя па маштабе змены аказваюць розны ўплыў на кагнітыўныя функцыі.