У Беларусі хочуць карміць школьнікаў аналагам рыбы
21- 5.11.2025, 19:16
- 8,206
Гэта распрацоўка беларускіх навукоўцаў.
Беларускія школьнікі хутка змогуць паспрабаваць мяса-раслінны камбінаваны прадукт, які паводле сваіх нутрыентных уласцівасцяў адпавядае рыбе, паведаміла на прэс-канферэнцыі намесніца генеральнага дырэктара навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па харчаванні Наталля Камарава. Распрацоўка такой ежы для дзяцей звязаная з тым, што некаторыя школьнікі не ядуць рыбу.
«Гэта мяса-раслінны камбінаваны прадукт, які паводле сваіх нутрыентных уласцівасцяў (па складзе амінакіслот, тлустых кіслот, мінеральных рэчываў і вітамінаў) цалкам адпавядае рыбе», — расказала Камарава.
Па яе словах, распрацаваць такі «замяняльнік рыбы» беларускім навукоўцам даручылі з-за таго, што ў школах дзеці адмаўляюцца есці рыбныя стравы.
«Паступалі скаргі на тое, што дзеці, напрыклад, у школьных сталовых адмаўляюцца ўжываць рыбу з-за яе спецыфічнага смаку і водару. Таму перад намі была пастаўленая задача распрацаваць прадукт, які цалкам па сваіх пажыўных уласцівасцях будзе адпавядаць рыбе, але пры гэтым без спецыфічнага смаку і водару», — паведаміла спецыялістка.
Фундаментальную распрацоўку асаблівага аналага рыбнай прадукцыі беларускія навукоўцы плануюць завершыць ужо ў гэтым годзе. Цяпер працы знаходзяцца на завяршальнай стадыі.
Распрацоўнікам яшчэ трэба вызначыцца, у якім выглядзе новы прадукт можа з'явіцца ў сталовых беларускіх школ. У якасці магчымых варыянтаў пакуль разглядаюць тэфтэлі, катлеты або каўбаскі.