Паліна Шарэнда-Панасюк: Зала вітала мяне стоячы
- 6.11.2025, 10:50
- 3,456
Лаўрэатка чэшскай прэміі «Гісторыі бязправя» заклікала змагацца за вызваленне палітвязняў.
Актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк атрымала чэшскую прэмію «Гісторыі бязправя» («Příběhy bezpráví»).
Тэлеграм-канал «Баста!» распытаў Паліну Шарэнду-Панасюк пра прэмію:
— Зала вітала мяне стоячы. Гэтыя апладысменты належаць усім палітвязням. Гэта іх мужнасць і стойкасць ушанавалі чэхі.
Чэшская прэмія «Гісторыі беззаконня» прысуджаецца асобам, якія актыўна супраціўляліся камуністычнаму рэжыму.
З 2020 года гэтую прэмію пачалі прысуджаць за межамі Чэхіі.
Я разам з Ксеніяй Сыромалот і Нікітам Емяльянавым атрымала яе ў 2021 годзе за неабгрунтаванае зняволенне і асаблівую мужнасць у барацьбе за свабоду і правы чалавека ў Беларусі.
Увесь гэты час мая сям'я і мае паплечнікі змагаліся за мяне: патрабавалі жорсткіх санкцый і ціснулі на рэжым дзеля майго вызвалення.
Прысуджэнне прэміі дапамагло разарваць кола рэпрэсій. Бо салідарнасць на міжнародным узроўні дзейнічае ў разы мацней.
Паліна заклікала падтрымаць зняволеных Вікторыю Кульшу, Альгу Маёраву, Алену Гнаўк, Алену Лазарчык і змагацца за іх вызваленне.