Пракуратура Грузіі абвінаваціла Міхаіла Саакашвілі ў злачынствах супраць дзяржавы
5- 6.11.2025, 16:43
- 3,662
Фота: AP
Таксама ўзбуджаны крымінальныя справы супраць сямі вядомых апазіцыянераў.
Пракуратура Грузіі паведаміла пра пачатак крымінальнага пераследу васьмі вядомых апазіцыйных палітыкаў, у тым ліку былога прэзідэнта краіны Міхаіла Саакашвілі, які цяпер знаходзіцца ў зняволенні. Іх абвінавачваюць у злачынствах супраць дзяржавы, паведамляе «Радыё Свабода».
Акрамя Саакашвілі, абвінавачанымі сталі яшчэ пяцёра апазіцыянераў, якія знаходзяцца ў зняволенні: лідар празаходняй партыі «Стратэгія Агмашэнебелі» Гіоргі Вашадзэ, былы міністр юстыцыі і адукацыі Ніка Гварамія, былы лідар партыі «Адзіны нацыянальны рух», якая кіравала пры Саакашвілі, Ніка Меліа, лідар лібертарыянскай партыі «Новы палітычны цэнтр — Гірчы» Зураб Джапарыдзэ і лідар апазіцыйнага аб’яднання «Кааліцыя за змены» Эленэ Хоштарыя.
Акрамя таго, абвінавачваюцца нядаўна памілаваныя лідары апазіцыйнай партыі «Лело» Мамука Хазарадзэ і Бадры Джапарыдзэ.
Як заявіў генеральны пракурор Грузіі Гіоргі Гваракідзэ, справу ўзбудзілі сумесна пракуратурай, Службай дзяржаўнай бяспекі і Міністэрствам унутраных спраў. Апазіцыянераў западазрылі ў сабатажы, садзейнічанні варожай дзейнасці замежнай дзяржавы, фінансаванні дзеянняў, накіраваных супраць канстытуцыйнага ладу і нацыянальнай бяспекі, у закліках да гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага парадку і звяржэння ўлады.
У тым ліку іх абвінавачваюць у дапамозе заходнім краінам ва ўвядзенні санкцый супраць мясцовых бізнесменаў і чыноўнікаў, у перадачы інфармацыі пра гандаль нафтапрадуктамі і пра становішча ў грузінскім ваенным сектары. Усё гэта звязалі з адмовай дзеючага грузінскага ўрада ўводзіць санкцыі супраць Расіі пасля пачатку ўкраінскай вайны.
Найбольшы турэмны тэрмін паводле гэтых абвінавачанняў пагражае Джапарыдзэ, Вашадзэ і Хоштарыя. У прыватнасці, ім інкрымінуецца аказанне дапамогі замежнай дзяржаве ў варожай дзейнасці; гэты артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад сямі да пятнаццаці гадоў.