У Вялікабрытаніі назвалі колькасць зняволеных, выпушчаных па памылцы
- 6.11.2025, 20:12
- 2,608
Лічба ўражвае.
Больш за 100 зняволеных штогод памылкова выпускаюцца з турмаў у Вялікабрытаніі. Пра гэта заявіла парламенцкая намесніца дзяржаўнага сакратара ў Міністэрстве юстыцыі Алекс Дэвіс-Джонс у эфіры Times Radio.
Яна ўдакладніла, што гаворка ідзе пра турмы Англіі і Уэльса. Усяго ў гэтых рэгіёнах штогод на волю выходзяць 57 тысяч чалавек, каля 114 (0,2%) з іх — па памылцы.
Дэвіс-Джонс падкрэсліла, што такія інцыдэнты недапушчальныя, але патлумачыла іх крытычным станам турэмнай сістэмы. Паводле слоў чыноўніцы, у брытанскіх турмах мала месцаў для зняволеных, нестае персаналу і выкарыстоўваецца састарэлая папяровая сістэма ўліку. Гэтую праблему складана вырашыць у найкарацейшыя тэрміны, але неўзабаве ўрад пачне рэформы па мадэрнізацыі сістэмы, запэўніла прадстаўніца Мін'юста.
Дэвіс-Джонс таксама рэзка раскрытыкавала ўрады папярэдніх прэм’ер-міністраў Вялікабрытаніі за недастатковае фінансаванне і недахоп новых турэмных месцаў, назваўшы гэтыя ўмовы спадчынай 14 гадоў заняпаду. Яна дадала, што ў каралеўстве ўзрасла колькасць дэпартацый замежных правапарушальнікаў, іх у тым ліку дэпартуюць адразу пасля вынясення прысуду.