«Хачу назбіраць на мару, якая пакуль не спаўдзілася»
7- 6.11.2025, 20:15
- 8,048
Беларуска «ўзарвала» сацсеткі расповедам пра сваю пенсію і выдаткі.
66-гадовая беларуска Раіса, ужо 11 гадоў на пенсіі, апублікавала ў TikTok расповед пра свае штомесячныя выдаткі. Відэа хутка сабрала больш за два мільёны праглядаў і выклікала бурнае абмеркаванне — амаль 1,5 тыс. каментарыяў, перадае «Зеркало».
Паводле яе слоў, яе пенсія — амаль 900 рублёў, а выдаткі яна стараецца падладжваць пад магчымасці. Пры гэтым яна ўдакладніла, што муж таксама на пенсіі і ў іх ёсць агарод.
«На прадукты ў мяне ідзе ў сярэднім 500 рублёў у месяц, — распавядае яна. — Мяса купляю на рынку, астатняе — у краме. Да мяне часта заходзіць унук пасля школы, вельмі хочацца купіць яму нешта смачненькае».
@raisa_vladimirovna_ Падзяліцеся ў каментарыях, у якую суму вы ўкладаецеся за месяц👌🏼
♬ арыгінальны гук — РАІСА
Камунальныя паслугі абыходзяцца прыкладна ў 150 рублёў, а лекі і вітаміны — каля 200. «Артроз, ціск, сэрца, ды яшчэ астма — без таблетак ніяк», — кажа пенсіянерка.
На інтэрнэт і мабільную сувязь яна траціць прыкладна 60 рублёў у месяц. Акрамя таго, жанчына рэгулярна наведвае царкву і пакідае ахвяраванні — каля 100 рублёў. «Гэта для душы, — тлумачыць яна. — Святы, службы — я не магу не прыйсці».
З асабістых выдаткаў — манікюр (30 рублёў у месяц), стрыжка і меліраванне раз на два месяцы (прыкладна 60 рублёў). На бытавую хімію і дробязі для дому — 50–70 рублёў, усё заказвае праз анлайн-крамы. Пакупка адзення або абутку — рэдкі, але адчувальны артыкул выдаткаў: не менш за 100 рублёў, а калі абнавіць абутак — у разы больш.
«Дні нараджэння ва ўсіх — у ўнукаў, у дзяцей, у зяця і нявесткі. Вядома, таксама трэба выдаткавацца», — дадае яна.
Нягледзячы на ўсе выдаткі, жанчына стараецца кожны месяц хоць крыху адкладаць — хаця б 50 рублёў. «Хачу назбіраць на мару, якая пакуль не спаўдзілася. Галоўнае — потым не аддаць усё махлярам. Жартую, канешне», — сказала яна, але не ўдакладніла, пра што яна марыць.
У канцы відэа жанчына задае пытанне: «Вось такія ў мяне выдаткі. Як думаеце — гэта шмат ці мала?»
Вось якія каментары пакінулі пад відэа:
«Лепш дапамагчы сем’ям, у якіх дзеткі хварэюць, а ў царкву можна і бясплатна схадзіць».
«Дык і скажыце, што жывяце нармальна, а ёсць пенсіянеры, у якіх ні паесці, ні на лекі грошай няма».
«Не забывайце, што ў яе яшчэ ёсць муж, які таксама прыносіць грошы…»
«Вы такая бадзёрая і энергічная, чаму не сталі працаваць на пенсіі?»
«Заробак у многіх такі ж. І ёсць дзеці».
«Карацей, нармальная ў вас пенсія, у маёй мамы ўдвая меншая».