Цэны на расійскую нафту ў Азіі абваліліся
- 3,098
Пасля санкцый супраць «Раснафты» і «Лукойла».
Кошт расійскай нафты ў партах Азіі працягвае падаць пасля таго, як яе галоўныя пастаўшчыкі — «Раснафта» і «Лукойл» — апынуліся пад блакуючымі санкцыямі ЗША, а НПЗ Індыі і Кітая пачалі адмаўляцца ад іх партый.
Як паведамляе Reuters, зніжкі на гатунак Urals — галоўную экспартную марку расійскіх нафтавікоў — дасягнулі $4 за барэль і сталі рэкорднымі прынамсі за апошні год. За апошнія тыдні дысконт на Urals вырас удвая, або на $2, расказалі Reuters трэйдары.
Далёкаўсходні гатунак ESPO, які закупляюць кітайскія НПЗ, цяпер таксама прадаецца са зніжкай адносна Brent, хоць раней каштаваў даражэй. Паводле крыніц Reuters, нафтавыя дзяржкампаніі КНР прыпынілі закупкі расійскай нафты ўслед за індыйскімі НПЗ, уключаючы Hindustan Petroleum, Bharat Petroleum, Mangalore Refinery and Petrochemicals і HPCL-Mittal Energy.
У Індыі попыт на расійскую нафту з пастаўкай у снежні — пасля таго як санкцыі ЗША канчаткова ўступяць у сілу, — істотна знізіўся: НПЗ, што прыпынілі закупкі, забяспечвалі 65% нафтавога экспарту з РФ на індыйскі рынак.
У выніку нафта рызыкуе застацца не распрададзенай. З пачатку верасня аб’ём расійскай сыравіны на танкерах у моры ўжо вырас на 30 млн барэляў, паводле падлікаў Bloomberg. За тыдзень з 27 кастрычніка па 2 лістапада экспарт расійскай нафты абваліўся на 20% — рэкордна амаль за два гады. Нафтавікі вывозілі з марскіх партоў 3,02 млн барэляў у суткі супраць 3,77 млн тыднем раней.
Зніжэнне цэн на нафту можа прывесці да пэўнага недабору нафтагазавых даходаў бюджэту адносна плана ў лістападзе–снежні, папярэджвае эканаміст Ягор Сусін.
У кастрычніку ў казну паступіла 888,6 млрд рублёў сыравінных падаткаў — на 27% меней, чым годам раней. А ў сукупнасці за 10 месяцаў бюджэт страціў 21% нафтагазавых даходаў — 7,5 трлн рублёў супраць 9,54 трлн за той самы перыяд 2024 года.
Першапачаткова ў закон аб бюджэце ўрад закладваў 10,94 трлн рублёў нафтагазавых даходаў, з якіх 1,8 трлн мусілі папоўніць Фонд нацыянальнага дабрабыту (ФНБ). Аднак падзенне цэн на нафту і ўмацаванне рубля прымусілі чыноўнікаў перапісаць бюджэтныя праекцыі. Цяпер Мінфін чакае скарачэння даходаў ад продажу энерганосьбітаў амаль на 22% ад плана — да 8,6 трлн рублёў — і не прадбачыць іх істотнага росту ў найбліжэйшыя тры гады.
Згодна з праектам бюджэту, у 2026 годзе казна збярэ 8,9 трлн рублёў нафтагазавых падаткаў, у 2027-м — 9 трлн, у 2028-м — 9,7 трлн. Гэта на 20%, 19% і 13% меней, чым у 2024 годзе.