Шатдаўну ў ЗША канец?
- 7.11.2025, 9:02
- 6,110
Стала вядома пра планы Сената на пятніцу.
У ЗША ў пятніцу могуць прагаласаваць за рашэнне, якое пакладзе канец рэкорднаму прыпыненню працы ўраду, то бок шатдаўну.
Пра гэта паведамляе Politico.
Ініцыюе галасаванне лідар большасці ў Сенаце ЗША Джон Т'юн, пра што ён паведаміў крыніцам выдання падчас прыватнага абеду.
Згодна з планам Т'юна, сенатары спачатку разгледзяць рэзалюцыю Палаты прадстаўнікоў, якую дэмакраты неаднаразова адхілялі, а потым паспрабуюць унесці змены з новай датай заканчэння дзеяння — верагодна, у студзені — і ўзгадніць пакет з трох законапраектаў аб выдатках на ўвесь год.
Дэмакраты пакуль скептычна настроены і гатовыя блакаваць пасяджэнне, калі не будзе прагрэсу ў двухпартыйных перамовах, адзначылі крыніцы. Лідары рэспубліканцаў у Сенаце плануюць пакінуць заканадаўцаў у Вашынгтоне на працягу выхадных, каб паскорыць узгадненне рашэння.
Сенатарка Жанна Шахін, дэмакратка, якая ўдзельнічала ў перамовах, заявіла журналістам пасля абеду — пакуль невядома, ці набліжаюцца бакі да пагаднення. Дэмакраты адзначаюць важнасць захавання адзінства партыі і пошуку кампрамісу.
«Мы хочам заставацца разам і адзінымі. І ў нас была сапраўды добрая размова пра тое, як гэта зрабіць», — паведаміў сенатар Крыс Мэрфі.
У любым выпадку канчатковае ўзгадненне рашэння можа заняць некалькі дзён з-за працэдурных перашкод і пярэчанняў сенатараў.