НПЗ «Лукойла» ў Валгаградзе спыніў працу з-за атакі дронаў
1- 7.11.2025, 9:13
- 4,056
Прадпрыемства атрымала сур'ёзныя пашкоджанні.
Нафтаперапрацоўчы завод кампаніі «Лукойл» (Валгаград, Расія) прыпыніў працу. Гэта адбылося з-за пашкоджання абсталявання пасля атакі дронаў, якая адбылася напярэдадні, 6 лістапада.
Пра гэта піша Reuters. Выданне спасылаецца на тры крыніцы ў кампаніі краіны-агрэсара. Праўда, «Лукойл» адмовіўся ад каментарыяў на запыт журналістаў.

У выніку ўдару былі пашкоджаныя першасная ўстаноўка АВТ-5 магутнасцю 9 110 тон у суткі (прыблізна 20% агульнай магутнасці завода) і ўстаноўка гідракрэкінгу прадукцыйнасцю 11 000 тон у суткі.
Праўда, прадпрыемства спыніла сваю працу. Паведамляецца, што гарэла ўстаноўка АВТ-5, ёсць пашкоджанні на гідракрэкінгу.
«Працуюць сапёры. Калі скончаць, тады пачнецца абследаванне абсталявання», — паведаміў адзін з суразмоўцаў агенцтва.
Дэталі
Раніцай у чацвер, 6 лістапада, абласная адміністрацыя, спасылаючыся на губернатара Андрэя Бачарава, паведаміла пра пажар, які ўзнік у выніку падзення абломкаў беспілотніка ў Чырвонаармейскім раёне Валгаграда, дзе размешчана прадпрыемства.
Продаж нафтапродуктаў Валгаградскага НПЗ 6 лістапада на Санкт-Пецярбургскай міжнароднай таварна-сыравіннай біржы не праводзіўся. У даведцы пра запланаваныя аб'ёмы рэалізацыі, абноўленай на сайце біржы ў чацвер, лістападаўскі план продажу быў абнулены.

Раней меркавалася рэалізаваць у гэтым месяцы 105 529 тон бензіну, 236 773 тоны дызельнага паліва і 10 848 тон мазуту.
Акрамя пашкоджанай устаноўкі першаснай перапрацоўкі АВТ-5, Валгаградскі НПЗ мае ўстаноўкі АВТ-1 (магутнасць 18 590 тон у суткі — каля 40%) і АВТ-6 (14 570 тон у суткі — 31%).
Паводле даных трэйдараў, у 2024 годзе Валгаградскі НПЗ перапрацаваў 13,5 млн тон нафты (прыблізна 5% ад агульнага аб'ёму перапрацоўкі ў РФ), вырабіўшы 1,9 млн тон бензіну, 6 млн тон дызпаліва і 0,7 млн тон мазуту.