Расіянам пачнуць адключаць мабільны інтэрнэт пасля вяртання з-за мяжы
3- 7.11.2025, 12:48
- 7,560
Абмежаванне будзе дзейнічаць на працягу 24 гадзін пасля прыбыцця ў краіну.
Улады РФ збіраюцца адключаць мабільны інтэрнэт і магчымасць адправіць СМС на SIM-картах расіян, якія вяртаюцца з-за мяжы, паведамілі «Коммерсанту» чатыры крыніцы на тэлекамунікацыйным рынку.
Такое абмежаванне будзе дзейнічаць на працягу 24 гадзін пасля прыбыцця ў краіну. Пры гэтым «перыяд астуджэння» плануецца прымяняць не толькі да SIM-карт, што знаходзіліся ў міжнародным роўмінгу, але і да карт, якія былі неактыўныя на працягу трох сутак на тэрыторыі краіны.
На дадзены момант падобнае «астуджэнне» ўжо дзейнічае для замежных SIM-карт, якія з’яўляюцца ў расійскіх сетках. Паводле слоў крыніц «Коммерсанта», для нумароў расіян улады прадугледзелі механізм, які дазволіць скараціць перыяд абмежавання сувязі. На тэлефон мяркуецца выслаць СМС са спасылкай, па якой абаненту трэба будзе пацвердзіць, што ён чалавек, а не бот. Пасля гэтага праца мабільнага інтэрнэту і СМС адновіцца. Аднак, як адзначыў адзін з суразмоўцаў выдання, «застаецца адкрытым» пытанне, ці маюць аператары сувязі тэхнічную магчымасць для рэалізацыі гэтага комплексу мер.
«Увядзенне «перыяду астуджэння» для SIM-карт цалкам можа прымяняцца як мера супрацьдзеяння беспілотнікам, якія выкарыстоўваюцца для атак на расійскую інфраструктуру», — кажа генеральны дырэктар і заснавальнік кампаніі «Флай Дрон» Мікіта Данілаў. У той жа час, паводле яго слоў, само па сабе «астуджэнне» не дае стопрацэнтнай абароны ад дронаў, супраць якіх патрабуецца таксама прымяняць радыёэлектронныя і фізічныя сродкі ўздзеяння.
Суразмоўца «Коммерсанта» на тэлекамунікацыйным рынку адзначыў, што спачатку аператары сутыкнуцца з раздражненнем абанентаў, «асабліва ў авіявузлах, дзе востра стаіць пытанне часу». Таксама першы час не выключаныя тэхнічныя збоі, з-за якіх могуць не даходзіць СМС для вэрыфікацыі абанента, дадаў ён.