Навукоўцы: Выяўлена планета, якая паводзіць сябе як зорка
8- 7.11.2025, 13:56
- 3,302
Яна паглынае 6 мільярдаў тон рэчыва за секунду.
З дапамогай касмічнага тэлескопа «Джэймс Уэбб» і наземнага тэлескопа VLT астраномы выявілі дзіўную блукаючую планету ў Млечным Шляху. Гэта газавы гігант, чыя маса ў 5–10 разоў большая за масу Юпітэра, і не звязаны гравітацыйна ні з адной зоркай. Такія планеты ўжо вядомыя астраномам, але свет, які атрымаў назву Cha 1107-7626, што перасоўваецца па Млечным Шляху, вельмі дзіўны.
Яна расце за кошт паглынання газу і пылу з неверагоднай хуткасцю. Астраномы высветлілі, што планета паглынае 6 мільярдаў тон рэчыва за секунду. Гэты працэс назапашвання матэрыялу падобны да росту зорак. Астраномы не могуць патлумачыць загадкавыя паводзіны планеты. Даследаванне апублікавана ў часопісе The Astrophysical Journal Letters, піша Live Science (пераклад — «Фокус»).
Новая велізарная блукаючая планета была выяўлена ў нашай Галактыцы на адлегласці 620 светлавых гадоў ад Зямлі. Планета, якая атрымала назву Cha 1107-7626, мае найвышэйшую хуткасць росту сярод вядомых блукаючых светаў. Яна назапашвае рэчыва са хуткасцю 6 мільярдаў тон у секунду. Пры гэтым астраномы высветлілі, што рост планеты Cha 1107-7626 адбываецца не раўнамерна, а хутчэй рыўкамі.
Навукоўцы лічаць, што блукаючыя светы могуць быць падобныя да маладых зорак, паколькі такое нераўнамернае паглынанне рэчыва для росту раней назіралася ў зорак. Але, паколькі блукаючыя планеты значна меншыя за зоркі, не зразумела, дзе разыходзяцца шляхі іх фармавання. Таму новае даследаванне можа дапамагчы астраномам лепш зразумець розніцу паміж велізарнымі планетамі і малымі зоркамі.
Паводле астраномаў, яны даўно спрабуюць зразумець, ці з'яўляюцца гэтыя аб'екты планетарнай масы былымі планетамі, выкінутымі са сваёй зорнай сістэмы, ці ж яны ўтварыліся ў выніку гравітацыйнага сціску малекулярнага воблака, як зоркі.
Цяпер вядома, што нераўнамернае і хуткае паглынанне газу і пылу адыгрывае важную ролю ў фармаванні зорак. Гэты працэс таксама фармуе асяроддзе, у якім утвараюцца навакольныя планеты.
Выяўленне такога ж працэсу ў аб'екта планетарнай масы можа стаць ключом да разумення ўніверсальнага механізму, які ляжыць у аснове занадта хуткага назапашвання матэрыі.
Вынікі даследавання сведчаць, што некаторыя блукаючыя планеты могуць развівацца падобна да зорак. Навукоўцы спадзяюцца вывучыць больш такіх блукаючых планет, каб даведацца, ці фармуюцца яны падобна да зорак або да планет.