Законы кармы для РФ
3- Уладзімір Амельчанка
- 7.11.2025, 14:29
- 11,054
Расіян злавілі на чарговай хлусні.
Пасля таго, як Злучаныя Штаты не адрэагавалі на загадзя падрыхтаваныя заявы на Саўбезе РФ аб выпрабаванні Расіяй ядзернай зброі, расійская прапаганда запусціла чарговую выдумку: маўляў, Украіна разам з краінамі НАТА рыхтуе дыверсію на Запарожскай атамнай электрастанцыі (што знаходзіцца пад расійскай акупацыяй). Аварыю, маўляў, нібыта хочуць арганізаваць «з расплаўленнем зоны ядзерных рэактараў», і яна, як заяўляюць расіяне, павінна прывесці да «ахвяр сярод украінцаў і еўрапейцаў». Больш за тое, брытанцы, па словах расіян, «ужо падлічылі радыёактыўнае заражэнне».
На што накіраваная гэтая чарговая хваля расійскага ядзернага тэрору ва Украіне?
Справа ў тым, што пакуль на тэрыторыі, падкантрольнай Украіне, працуюць дзевяць атамных блокаў (агульнай магутнасцю каля 7,5 ГВт), разбурыць энергетычную ўстойлівасць Украіны практычна немагчыма. Гэтыя блокі — фундамент энергетычнай бяспекі Украіны. У Крамлі пра гэта цудоўна ведаюць.
Менавіта таму ў лістападзе 2022 года і ў жніўні 2024 года расіяне свядома наносілі ўдары з паветра па падстанцыях ОСП «Укрэнерга» па выдачы магутнасцяў з АЭС. Гэта прывяло да пераводу працы атамных блокаў у пазапраектны аварыйны рэжым з рызыкай маштабнай аварыі.
Тады сітуацыю выратавала падрыхтаванасць украінскіх атамшчыкаў, наяўнасць абсталявання, раней змантованага ў рамках праграмы павышэння бяспекі, а таксама ўжытыя ўнікальныя меры перасцярогі.
У кастрычніку 2025 года, паводле дадзеных МАГАТЭ, расійскія тэрарысты зноў атакавалі падстанцыі ОСП, звязаныя з перадачай электраэнергіі ад АЭС...
Усе гэтыя выпадкі разам з сістэмнымі атакамі на ЛЭП, што забяспечваюць уласныя патрэбы ЗАЭС, наглядна сведчаць пра ўзмацненне ядзернага тэрарызму Расійскай Федэрацыі ва Украіне. Як вядома, план перападключэння ЗАЭС да энергетычнай сістэмы Расіі быў сарваны (кажуць, не без дапамогі партызанаў на акупаваных тэрыторыях), і гэта прымусіла расійскіх акупантаў зноў пагадзіцца на падключэнне станцыі да Аб’яднанай энергасістэмы Украіны (ЛЭП Ферасплаваўная, ЛЭП Дняпроўская).
Аднак, распаўсюджваючы чарговыя хлуслівыя страшылкі вакол ЗАЭС і працягваючы разбураць падстанцыі па выдачы магутнасцяў украінскіх АЭС, расійскія акупанты чамусьці не дапускаюць сітуацыі з падрывам падобных падстанцый на расійскіх АЭС.
Аднак сітуацыя, калі ў РФ можа ўзнікнуць каскад аварый чарнобыльскага маштабу, цалкам магчымая — законы кармы ніхто не адмяняў.
І ў такім выпадку ёсць вялікія сумневы, што расійскія атамшчыкі змогуць справіцца з гэтымі інцыдэнтамі так, як гэта зрабілі ўкраінскія. Бо ні такога досведу, ні неабходнага дадатковага абсталявання ў расіян няма.
Уладзімір Амельчанка, дырэктар энергетычных праграм Цэнтра Разумкова, «УНІАН»