Расійскім НПЗ дазволяць падмешваць спірт у бензін
22- 8.11.2025, 11:55
- 11,326
Паліўны рынак РФ сутыкнуўся з дэфіцытам пасля ўдараў дронаў.
Расійскія ўлады рыхтуюцца дазволіць выкарыстанне спірту ў вытворчасці бензіну, каб павялічыць пастаўкі на паліўны рынак, які сутыкнуўся з дэфіцытам пасля ўдараў дронаў па НПЗ.
Як паведамляе «Інтэрфакс», Мінфін падрыхтаваў папраўкі ў Падатковы кодэкс, якія абнуляюць акцыз на дэнатураваны этылавы спірт пры вытворчасці бензіну АІ-92.
Мера прызначаная зрабіць рэнтабельнай вытворчасць бензіну з выкарыстаннем спірту і неабходная на выпадак, калі прапановы бензіну на рынку будзе недастаткова, патлумачылі крыніцы «Інтэрфакса». Паводле іх слоў, папраўкі Мінфін унёс у пакеце матэрыялаў да другога чытання закона аб бюджэце на будучы год, які цяпер разглядае Дзярждума.
Паводле даных «Коммерсанта», нафтаперапрацоўчым заводам дазволяць павялічыць долю спірту ў бензіне да 10% (цяпер — не больш за 1,5%). Па разліках Мінэнерга, гэта дазволіць наросціць пастаўкі паліва на ўнутраны рынак на 100 тысяч тон у месяц.
Акрамя этылавага спірту, Мінэнерга можа зняць забарону на выкарыстанне нафтаперапрацоўчымі заводамі монометыланіліну (ММА) — актанапавышальнай прысадкі, якая дазваляе павялічыць выпуск. З-за высокай таксічнасці і рызыкаў анкалогіі яна забаронена ў большасці краін свету, а ў Расіі прымянялася да 2016 года.
З пачатку жніўня ўкраінскія дроны паразілі 22 расійскія НПЗ, частка з іх была вымушаная спыніць вытворчасць. У выніку аб'ёмы нафтаперапрацоўкі ў Расіі за ліпень–верасень абваліліся на 10%, да 4,86 млн барэляў у суткі — да найніжэйшага ўзроўню як мінімум за апошнія 5 гадоў.
У выніку ўзнік дэфіцыт бензіну, які ахапіў рэгіёны ад Камчаткі да Цэнтральнай Расіі, з-за чаго ў некаторых з іх улады былі вымушаныя ўвесці ліміты на продаж паліва «ў адны рукі».
Каб згладзіць крызіс, урад увёў забарону на вываз за мяжу бензіну і дызпаліва, а таксама абнуліў імпартныя мыты, каб закупляць бензін у Кітаі, Сінгапуры і Паўднёвай Карэі.
Услед за крызісам на рынку бензіну праблемы ў Расіі могуць з'явіцца на рынку авіяпаліва, заявіў на пачатку лістапада РБК Максім Д'ячэнка, кіраўнічы партнёр і член праўлення кампаніі «Пролеум» — найбуйнейшага прыватнага пастаўшчыка нафтапрадуктаў у краіне.
Каб вырашыць крызіс з вытворчасцю нафтапрадуктаў, урад РФ змякчыў патрабаванні да НПЗ. У прыватнасці, цяпер дазволена вырабляць зімовае дызпаліва, змешваючы летняе дызпаліва з керасінам. А гэта стварае рызыку рэзкага росту цаны на авіяпаліва, што, у сваю чаргу, нясе рызыкі для авіяцыі, папярэджваў Д'ячэнка.