«Лукойл» выгналі з Малдовы
3- 8.11.2025, 9:10
- 4,766
З-за санкцый ЗША.
Расійскі нафтавы гігант «Лукойл» павінен спыніць працу ў Малдове з 21 лістапада ў сувязі з санкцыямі ЗША і адмовай амерыканскага Мінфіна зацвердзіць продаж актываў «Лукойла» трэйдару Gunvor. Пра гэта паведаміў міністр энергетыкі рэспублікі Дорін Жунгіету, піша The Moscow Times.
Паводле яго слоў, «Лукойл» не зможа забяспечваць пастаўкі бензіну, дызельнага паліва і керасіну на аўтазаправачныя станцыі, якія належаць яму ў краіне.
«Кампанія „Лукойл“ апынецца не ў стане ажыццяўляць дзейнасць», — патлумачыў Жунгіету ў паведамленні ў Facebook. Міністр адзначыў, што Савет па разглядзе інвестыцый Малдовы прапанаваў выкупіць тэрмінал кампаніі ў аэрапорце Кішынёва для забеспячэння бесперабойнай працы авіяцыйнага хаба. Для прыняцця рашэння па гэтай здзелцы ўстаноўлены тэрмін да 17 лістапада.
Жунгіету падкрэсліў, што Кішынёў далучаецца да амерыканскіх санкцый супраць расійскай нафтавай кампаніі, аднак просіць у ЗША часовы дазвол на працяг яе працы, «каб не парушыць пастаўкі нафтавых рэсурсаў у Рэспубліку Малдова і не паўплываць на паўсядзённае жыццё людзей».
Санкцыі супраць «Лукойла» і «Раснафты» былі ўведзены Вашынгтонам 22 кастрычніка ў адказ на працяг Расіяй вайны ва Украіне. Мінфін ЗША прадаставіў кантрагентам кампаній адзін месяц на спыненне супрацоўніцтва.