ЗША будуць байкатаваць саміт G20 у ПАР
8- 8.11.2025, 9:40
- 3,840
Фота: Getty Images
Трамп настойвае, што там адбываецца генацыд белых грамадзян.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што прадстаўнікі ўрада ЗША не будуць удзельнічаць у бягучым саміце G20, які адбудзецца ў Паўднёвай Афрыцы. Паводле слоў прэзідэнта, гэтае рашэнне прынята з-за «дыскрымінацыі белых грамадзян» у краіне. Пра гэта піша Politico.
Раней Трамп ужо паведамляў, што асабіста не прыедзе на саміт, прысвечаны пытанням сусветнага эканамічнага развіцця. Замест яго павінна была прысутнічаць дэлегацыя пад кіраўніцтвам віцэ-прэзідэнта Джэй Дзі Вэнса, аднак цяпер, пасля абвяшчэння байкоту, ЗША цалкам адмаўляюцца ад удзелу ў мерапрыемстве.
«Афрыканераў — нашчадкаў галандскіх, французскіх і нямецкіх пасяленцаў — забіваюць і знішчаюць, а іх землі і фермы незаконна адбіраюць. Ніводзін прадстаўнік урада ЗША не будзе ўдзельнічаць, пакуль гэтыя парушэнні правоў чалавека працягваюцца», — напісаў Трамп у сацыяльнай сетцы Truth Social.
Трамп неаднаразова абвінавачваў Паўднёвую Афрыку ў дыскрымінацыі белай меншасці, а раней у гэтым годзе нават заяўляў, што ў краіне адбываецца «генацыд» белых грамадзян. Афіцыйныя ўлады ПАР рашуча адкінулі такія сцверджанні.