Парламент Сербіі вырашыў знесці знакавы будынак дзеля будаўніцтва гатэля Трампа
2- 8.11.2025, 18:11
- 2,960
Апазіцыя рэзка раскрытыкавала ініцыятыву.
Парламент Сербіі прыняў закон, які дазваляе знос будынка Генштаба, разбуранага падчас бамбаванняў НАТА ў 1999 годзе. Рашэнне пазбаўляе аб'ект статусу культурнай спадчыны і адкрывае для сям'і прэзідэнта ЗША Дональда Трампа магчымасць будаўніцтва на яго месцы раскошнага гатэля коштам у паўмільярда долараў, піша The New York Times.
Аўтар ініцыятывы, дэпутат Міленко Ёваноў, заявіў у парламенце, што закон дасць магчымасць аднавіць разбураныя будынкі, якія гадамі стаяць закінутымі. «Мы адкрываем прастору і ствараем магчымасці для руху краіны наперад. Гэта наша галоўная мэта і наша галоўная задача», — сказаў ён. Паводле слоў Ёванова, ён таксама спадзяецца, што такі крок «прывядзе да паляпшэння адносін з адміністрацыяй Трампа і Злучанымі Штатамі».
Апазіцыя рэзка раскрытыкавала ініцыятыву. Дэпутат Марыніка Тепіч назвала будынак «сімвалам супраціву і доказам таго, што раздрабнёная нацыя і разбураная дзяржава здольныя адрадзіцца». «Сёння вы хочаце ператварыць гэты сімвал у раскошны комплекс, каб дагадзіць Дональду Трампу. На месцы, дзе калісьці падалі бомбы, вы цяпер плануеце разліваць шампанскае», — заявіла яна падчас парламенцкіх дэбатаў.
Комплекс Генеральнага штаба быў пабудаваны ў 1960-я гады і лічыўся ўзорам югаслаўскага мадэрнізму. У 1999 годзе яго знішчылі авіяўдары НАТА ў адказ на дзеянні Бялграда супраць этнічных албанцаў у Косаве.
Ідэю будаўніцтва гатэля на гэтым месцы Дональд Трамп упершыню агучыў яшчэ ў 2013 годзе. У маі 2024 года сербскія ўлады ўхвалілі планы будаўніцтва гатэля на 175 нумароў і больш за 1500 жылых адзінак на тэрыторыі Генштаба ў межах дамовы арэнды тэрмінам на 99 гадоў з кампаніяй, звязанай з Джарэдам Кушнерам, зяцем Трампа. Праект таксама прадугледжвае стварэнне мемарыяла ахвярам бамбаванняў НАТА.
Аднак рэалізацыю праекта прыпынілі пасля ўзбуджэння крымінальнай справы супраць чыноўнікаў, якія ўзгаднілі здзелку, — нагадвае The New York Times. Сітуацыя змянілася на мінулым тыдні, калі дэпутаты кіроўнай Сербскай прагрэсіўнай партыі ініцыявалі разгляд новага законапраекта ў межах надзвычайнай заканадаўчай працэдуры. Гэта рашэнне дазволіла аднавіць парламенцкае абмеркаванне праекта.