СМІ: Трамп забірае з-пад носа ключавых саюзнікаў Масквы
3- 8.11.2025, 19:07
- 4,568
Для рэгіёну гэта гістарычная падзея.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп працягвае паслядоўна аслабляць уплыў Масквы на краіны, якія яшчэ нядаўна лічыліся яе партнёрамі, піша «Дыялог.UA».
На гэтым тыдні ён правёў у Белым доме серыю сустрэч, якія ўмацоўваюць пазіцыі Вашынгтона ў Цэнтральнай Азіі і Усходняй Еўропе. У чацвер Трамп прыняў лідараў Казахстана, Кыргызстана, Туркменістана, Узбекістана і Таджыкістана, а на наступны дзень — прэм’ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана.
Вынікі перамоў сталі знакавымі: ЗША атрымліваюць новыя эканамічныя і энергетычныя рычагі, а залежнасць гэтых дзяржаў ад Расіі прыкметна скарачаецца.
Галоўнай тэмай перамоў Трампа і Орбана сталі пастаўкі расійскай нафты і газу. Прэзідэнт ЗША дамагаецца скарачэння закупак расійскіх энергарэсурсаў, лічачы, што гэта паскорыць заканчэнне вайны ва Украіне.
Пры гэтым, як паведамляе Bloomberg, Вашынгтон пайшоў на часовыя саступкі: два вугорскія трубаправоды, па якіх паступаюць расійскія рэсурсы, атрымалі гадавую адтэрміноўку ад санкцый.
Аднак адначасова Венгрыя дамовілася пра буйныя здзелкі з амерыканскімі кампаніямі. Краіна будзе закупляць да 400 млн кубаметраў газу ў год на працягу пяці гадоў, набудзе ядзернае паліва з ЗША на 114 млн долараў і пабудуе 10 малых мадульных рэактараў агульным коштам каля 20 млрд.
Гэтыя кантракты фактычна хаваюць расійскі праект пашырэння АЭС «Пакш II», які ўжо шмат гадоў тармозіцца.
Саміт Трампа з лідарамі Казахстана, Кыргызстана, Туркменістана, Узбекістана і Таджыкістана стаў першым такога ўзроўню за дзесяць гадоў у фармаце «C5+» і ўпершыню прайшоў у Белым доме, падкрэслівае The New York Times.
Для рэгіёну гэта гістарычная падзея: упершыню з канца 1990-х лідары ЦА наведалі Вашынгтон на такім узроўні. Па выніках сустрэчы бакі падпісалі шэраг пагадненняў, якія ўзмацняюць эканамічнае супрацоўніцтва.
Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў падкрэсліў, што ЗША «маюць права на паўнавартасную прысутнасць» у рэгіёне — заява, якая выразна дэманструе разрыў Цэнтральнай Азіі з былым маскоўскім уплывам.
За апошнія гады Расія імкліва губляе пазіцыі: аб’ём гандлю краін рэгіёну з Кітаем ужо ўдвая перавышае тавараабарот з Расіяй, а гандаль з ЗША расце рэкорднымі тэмпамі. Трамп праводзіць палітыку вяртання Амерыкі ў рэгіёны, дзе дзесяцігоддзямі дамінаваў Крэмль.
Менавіта пры ім Вашынгтон дасягнуў прарыву ў адносінах Арменіі і Азербайджана, «узяў пад кантроль» стратэгічны Зангезурскі калідор і нават пачаў дыялог з рэжымам Лукашэнкі.