Штурмавыя групы ЗСУ ачышчаюць дом за домам у Пакроўску
6- 8.11.2025, 21:53
- 13,058
Расійскіх акупантаў, якія спрабуюць пранікнуць на ўскраіны горада, выяўляюць і знішчаюць.
У Пакроўску Данецкай вобласці працягваюцца цяжкія баі з расійскімі акупантамі. Усяго на гэтым напрамку з пачатку сутак было адбіта 52 атакі на ўкраінскія пазіцыі, ад расіян ачышчаюць будынак за будынкам.
Пра гэта паведамляе прэс-служба групоўкі ЗСУ «Усход».
Адзначаецца, што ўсяго ў зоне адказнасці групоўкі з пачатку сутак было адбіта 80 расійскіх штурмаў, 52 з іх — на Пакроўскім напрамку. У самым горадзе працягваюцца ўдарна-пошукавыя дзеянні: расійскіх акупантаў, якія спрабуюць пранікнуць на паўночныя ўскраіны горада, выяўляюць і знішчаюць.
«Сілы абароны Украіны працуюць непасрэдна ў горадзе, выяўляюць і ліквідуюць ворага. Нашы штурмавыя групы ачышчаюць ад акупантаў дом за домам. Асаблівая ўвага надаецца выяўленню і знішчэнню варожых экіпажаў БПЛА», — сказана ў паведамленні.
Акрамя Пакроўска, акупанты спрабуюць атакаваць пазіцыі ЗСУ ў раёне Мірнаграда. Але поспехаў у расіян няма.
«Падраздзяленні Сіл абароны ўпэўнена ўтрымліваюць пазіцыі і не даюць ворагу шанцаў замацавацца ў наваколлі. Лагістыка ўкраінскіх падраздзяленняў ускладненая, але забяспечваецца ў неабходным аб’ёме», — адзначылі ва УВ «Усход».