7 снежня 2025, Нядзеля, 5:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Вільнюсе і Варшаве адбудуцца акцыі памяці Рамана Бандарэнкі

4
У Вільнюсе і Варшаве адбудуцца акцыі памяці Рамана Бандарэнкі

9 і 12 лістапада.

Да пятай гадавіны забойства Рамана Бандарэнкі у Вільнюсе пройдуць дзве акцыі памяці, паведамляе арганізацыя «Дапамога». Таксама, паводле Асацыяцыі былых палітвязняў «Да волі», памятны мітынг адбудзецца ў Варшаве, перадае «Белсат».

Першая акцыя адбудзецца ў нядзелю, 9 лістапада, а 12:00 на плошчы Вінцаса Кудыркі. Арганізатары просяць удзельнікаў прынесці з сабой партрэты Рамана.

Другая акцыя — у сераду, 12 лістапада — у дзень забойства Бандарэнкі. Памятнае мерапрыемства адбудзецца ля амбасады Беларусі па адрасе: Mindaugo g. 13. Пачатак а 19:00.

Тых, хто хоча далучыцца, просяць узяць з сабой лампадкі, кветкі і партрэты Рамана.

«Я выходжу!» — гэтыя словы былі апошнімі словамі Рамана. 12 лістапада 2020 года яго забілі ў Мінску сілавікі за тое, што ён абараняў свой двор і сваё сэрца, за тое, што любіў Беларусь. Мінула пяць гадоў. Але мы ўсё яшчэ памятаем. Мы ўсё яшчэ збіраемся — каб сказаць: Раман жыве, пакуль жывыя мы, тыя, хто памятае пра яго. Прыходзьце. Памоўкнем разам. У памяць пра Рамана. Пра ўсіх, каго забілі цішыня і страх. За Беларусь, якая абавязкова стане свабоднай. Жыве!», — заклікаюць арганізатары акцый.

9 лістапада акцыя памяці таксама адбудзецца ў Варшаве каля помніка Мікалаю Каперніку, дзе традыцыйна праходзяць беларускія мітынгі. Пачатак — а 14:00.

«Дапамога» таксама паведамляе, што сям'я Рамана Бандарэнкі выказвае глыбокую ўдзячнасць усім, хто дапамог у стварэнні помніка, усталяванага на яго магіле. Дзякуй усім, хто ахвяраваў сродкі і хто проста памятае.

11 лістапада 2020 года жыхар Плошчы Перамен на вуліцы Чарвякова ў Мінску Раман Бандарэнка заўважыў, што невядомыя зрываюць бела-чырвона-белыя стужкі ў двары яго дома.

«Я выходжу», — напісаў 31-гадовы мастак у дамавым чаце і пайшоў пагаварыць з невядомымі. Рамана Бандарэнку схапілі і адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна, там «самаадчуванне мужчыны пагоршылася». У аддзяленне выклікалі хуткую, маладога чалавека гаспіталізавалі. На наступны дзень, 12 лістапада, Раман Бандарэнка памёр.

Да забойства Рамана Бандарэнкі могуць быць датычныя спартовец Дзмітрый Шакута, сенатар Дзмітрый Баскаў, прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант і іншыя людзі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках