У адным з раёнаў Мінскай вобласці прааналізавалі сітуацыю са сказам
4- 8.11.2025, 23:21
- 6,920
Прыйшлі да несуцяшальных высноў.
У Крупскім раёне Мінскай вобласці прааналізавалі сітуацыю са сказам жывёл і прыйшлі да несуцяшальных высноў. Вынікі паказалі, што ў раёне эпідэміялагічная сітуацыя па рабічнай інфекцыі ацэньваецца як неспрыяльная. Пра гэта паведамляе выданне «Крупскі вестнік».
Паводле звестак Аляксандра Кашалева, памочніка ўрача-эпідэміёлага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, са студзеня па верасень 2025 года з-за укусаў або кантактаў з жывёламі, у якіх падазраюць сказ, да медыкаў раёна звярнуўся 51 чалавек.
Тэрытарыяльна агмені зафіксаваныя ў вёсках Кіевец, Вялікая Слабада, Вялікі Камянец.
— Эпідэміялагічная сітуацыя па рабічнай інфекцыі на тэрыторыі Крупскага раёна ацэньваецца як неспрыяльная, — адзначае памочнік урача-эпідэміёлага. — За дзевяць месяцаў 2024 года лабараторна пацверджаныя таксама тры выпадкі сказу ў дзікіх жывёл. Тэрытарыяльна — у вёсках Касенічы, Калас, Вялікае Асова.
Усяго ж за мінулы год у Крупскім раёне было зафіксавана шэсць лабараторна пацверджаных выпадкаў сказу ў дзікіх і хатніх жывёл.
Аляксандр Кашалеў нагадаў, якіх мер засцярогі варта прытрымлівацца, каб абараніць сябе і жывёл. Што неабходна рабіць:
штогод прышчапляць ад сказу хатніх катоў і сабак, не дапускаць зносін хатніх жывёл з бадзяжнымі (бязнадзорнымі) жывёламі;
пры любым захворванні жывёлы, асабліва пры цяжкасцях з глытаннем, змяненні паводзінаў, ніколі не лячыць яе хатнімі сродкамі, а неадкладна звяртацца да ветэрынараў;
выявіўшы труп жывёлы, не чапаць яго рукамі, не несці дадому хворых жывёл, а ў абавязковым парадку паведаміць ветэрынарам або ў цэнтр гігіены і эпідэміялогіі;
сабак у двары трымаць на прывязі, а каб выключыць кантакт з дзікімі і бадзяжнымі жывёламі — у вальеры;
калі пакусала, падрапала або абслінавала хатняя або дзікая жывёла, неабходна шчодра прамыць раны, драпіны, садзіны вадой з мылам;
калі сліна жывёлы трапіла на слізістыя абалонкі, іх трэба прамыць праточнай вадой і тэрмінова звярнуцца па медыцынскую дапамогу.
— Прафілактыка сказу надзвычай важная, паколькі гэта смяротнае захворванне, небяспечнае і для чалавека, і для жывёл, — падкрэсліў спецыяліст.