The Guardian: Францыя пастаўляе Украіне вельмі спецыфічны «інструмент» супраць дронаў
2- 8.11.2025, 23:30
- 12,620
Ён ужо добра сябе зарэкамендаваў.
Францыя забяспечвае Украіну старымі рыбалоўнымі сеткамі. Яны аказаліся вельмі добрым інструментам для абароны аўтадарог ад расійскіх дронаў. Пра гэта піша The Guardian.
Выданне адзначае, што ў рыбацкіх партах Брэтані (рэгіён на паўночным захадзе Францыі) заўсёды валялася шмат выкінутых рыбалоўных сетак. Звычайна сеткі служаць не больш за два гады, пасля чаго іх проста выкідваюць. Месцамі гэта стварае праблему, бо ўзбярэжжа проста завалена імі.
Аднак сеткі, якімі калісьці лавілі рыбу, можна выкарыстоўваць для лоўлі расійскіх дронаў ва Украіне. Так, французская дабрачынная арганізацыя Kernic Solidarités даслала ва Украіну дзве партыі сетак агульнай даўжынёй 280 км. У прыфрантавых раёнах з гэтых сетак абсталёўваюць тунэлі ўздоўж дарог. Расійскія дроны застраюць у такіх сетках падобна да таго, як мухі застраюць у павуціне.
«У гэтым рэгіёне няма недахопу рыбалоўных сетак. Праблема ў тым, што з імі рабіць, паколькі некалькі кампаній, якія іх перапрацоўваюць, закрыліся. Калі сеткі патрэбныя для стварэння сцен супраць дронаў і ратавання жыццяў ва Украіне, іх можна атрымаць. Калі мы даведаліся, што Украіне патрэбныя сеткі, рыбалоўная супольнасць хутка адрэагавала», — заявіў прэзідэнт дабрачыннай арганізацыі Жэрар Ле Дюф.
Іншы прадстаўнік арганізацыі Крысціян Абазію кажа, што яны не маюць сродкаў для адпраўкі ва Украіну большай колькасці сетак, але цяпер спрабуюць дамовіцца, каб Украіна накіравала грузавікі ў Францыю і сама забрала гэтыя сеткі.
«Мы дапаможам дастаць сеткі і пагрузіць іх, але ў нас няма бюджэту, каб працягваць самастойна арганізоўваць канвоі», — сказаў ён.