15 студзеня 2026, Чацвер, 6:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Вялікабрытаніі тэрмінова распрацоўваюць планы падрыхтоўкі да магчымога пачатку вайны

У Вялікабрытаніі тэрмінова распрацоўваюць планы падрыхтоўкі да магчымога пачатку вайны

Мірнае насельніцтва павінна адыграць сваю ролю ў буйным канфлікце.

Малодшы міністр па справах ветэранаў Вялікабрытаніі Алістэр Карнс заявіў, што Вялікабрытанія «хутка распрацоўвае» планы падрыхтоўкі ўсёй краіны да магчымага пачатку вайны.

Яго словы цытуе (Sky News https://news.sky.com/).

Падкрэсліваючы ролю, якую мірнае насельніцтва павінна адыграць у буйным канфлікце, Карнс адзначыў, што армія, флот і паветраныя сілы рэагуюць на крызісы, але «грамадства, прамысловасць і эканоміка выйграюць войны».

«Цень вайны зноў стукае ў дзверы Еўропы. Гэта рэальнасць. Мы павінны быць гатовыя яе прадухіліць», — сказаў ён.

Звяртаючы ўвагу на пагрозу, брытанскі міністр адзначыў, што ўзровень варожай выведвальнай дзейнасці — такой, як шпіянаж, хакерства і фізічныя пагрозы, — супраць яе ўзброеных сіл і Міністэрства абароны за апошні год вырас больш як на 50%.

Мяркуецца, што галоўнымі вінаватцамі з'яўляюцца Расія, Кітай, Іран і Паўночная Карэя.

Таму ўрад стварае новую контрвыведвальную службу, каб узмацніць сваю здольнасць выяўляць і супрацьдзейнічаць выведвальным аперацыям варожых дзяржаў.

Урад Вялікабрытаніі таксама прыняў меры для ўзмацнення выведвальных магчымасцяў Міністэрства абароны, аб'яднаўшы розныя выведвальныя падраздзяленні арміі, флоту і паветраных сіл, а таксама выведку Міністэрства абароны ў новую арганізацыю пад назвай «Ваенная выведка».

Абрэвіятура «MI» такая ж, як у MI5 і MI6 — унутраных і знешніх выведвальных агенцтваў Вялікабрытаніі.

Карнс наведаў звышсакрэтную ваенную шпіёнскую базу ў Кембрыджшыры разам з намесніцай міністра абароны Луізай Сэндэр-Джонс і групай журналістаў, каб абвясціць пра арганізацыйныя змены.

На пытанне журналістаў да Карнса, ці лічыць ён, што трэба зрабіць больш, каб праінфармаваць брытанскае насельніцтва пра ахвяры, якія ім, магчыма, давядзецца прынесці ў выпадку вайны, ён адказаў:

«Цяпер паміж намі (Міністэрствам абароны), Кабінетам міністраў і ўсім грамадствам вядзецца вялікая праца, каб зразумець, што азначае канфлікт, і якая роля кожнага ў грамадстве, калі мы ўступім у вайну і будзем да яе рыхтавацца», — адзначыў міністр.

Карнс падкрэсліў, што гаворка ідзе не толькі пра разгортванне вайскоўцаў, але і пра абарону кожнага сантыметра тэрыторыі.

«Гэтая праца працягваецца цяпер, яна хутка развіваецца. Мы павінны дзейнічаць як мага хутчэй, каб пераканацца, што гэта падмацавана», — падкрэсліў ён.

Як адзначаецца, раней Вялікабрытанія мела комплексны план пераходу ад міру да вайны пад назвай «Ваенная кніга ўрада». Ён утрымліваў інструкцыі для ўсіх слаёў грамадства — ад арміі і паліцыі да школ, бальніц і нават мастацкіх галерэй.

Аднак, як піша брытанскі вяшчальнік, гэта велізарная сістэма падрыхтоўкі, утрыманне якой было дарагім, была адкладзена пасля заканчэння халоднай вайны.

Таму каментары Карнса сведчаць, што сучасная версія гэтай дактрыны можа вярнуцца. Паводле яго слоў, ключавым лічыцца інфармаванне грамадскасці пра зменлівую рэальнасць сітуацыі з бяспекай.

Малодшы міністр па справах ветэранаў Вялікабрытаніі адзначыў, што многія людзі ў Вялікабрытаніі не бачаць, не чуюць і не адчуваюць небяспекі, нягледзячы нават на тое, што вайна Расіі ва Украіне працягваецца, уплываючы на кошт паліва.

«Мы павінны данесці гэта да людзей, каб яны разумелі, не для таго, каб іх напалохаць, а каб быць рэалістычнымі і разумець, адкуль зыходзяць гэтыя пагрозы і чаму абарона і падыход, што ахоплівае ўсё грамадства, такія важныя», — падсумаваў ён.

Заўважым, нядаўна Карнс заявіў, што армія краіны будзе знішчаная на працягу «ад шасці месяцаў да года» ў выпадку вялікай вайны.

Брытанская сухапутная армія — найменшая па колькасці з 1700-х гадоў, хоць намеснік начальніка брытанскага абароннага штаба Роб Магован мінулага месяца настойваў, што «калі брытанскую армію папросяць ваяваць сёння ўначы, яна будзе ваяваць сёння ўначы».

Раней стала вядома, што Вялікабрытанія ўтылізуе пяць ваенных караблёў і больш за дзесяць ваенных верталётаў і беспілотнікаў у рамках праграмы скарачэння выдаткаў. Цяпер Вялікабрытанія праводзіць Стратэгічны агляд абароны.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках