На «Белвесце» адрэзалі носкі чаравікам
48- 12.12.2025, 15:30
- 37,164
Каб пераканаць беларусаў купляць беларускае.
На Віцебскай абутковай фабрыцы «Белвест» вырашылі наглядна паказаць, чым іхняя прадукцыя адрозніваецца ад азіяцкіх аналагаў. Каб пераканаць беларусаў у лепшай якасці прадукцыі мясцовай вытворчасці, на прадпрыемстве пайшлі на свядомую псуту абутку, піша «Тэлеграф».
У прэс-службе прадпрыемства падкрэслілі, што якасць абутку наўпрост залежыць ад двух ключавых фактараў — матэрыялаў, з якіх вырабляецца абутак, і тэхналогій, што выкарыстоўваюцца ў працэсе. Менавіта ад іх залежыць цана абутку.

Азіяцкія чаравікі або боты сапраўды могуць быць танней за беларускія аналагі. Але, на думку тэхнолагаў «Белвеста», патанненне адбываецца коштам якасці, праз эканомію на адным з двух кампанентаў (або адразу на абодвух). Для нагляднага прыкладу начальніца тэхналагічнага аддзела распрацоўкі і ўкаранення асартыменту СООО «Белвест» паказала два візуальна падобныя чаравікі і распавяла пра іх адрозненні.
Калі гаварыць пра якасць матэрыялаў, на фабрыцы абвінавацілі азіяцкіх вытворцаў у тым, што яны ўводзяць пакупнікоў у зман, калі заяўляюць, што іх абутак вырабляецца з натуральнай скуры.
«Гэта не адпавядае рэчаіснасці! Абутак такога тыпу вырабляецца з валокнаў (адходаў) скуры, якія шляхам глыбокай перапрацоўкі набываюць патрэбную форму», — заявілі на фабрыцы, назваўшы матэрыял «псеўдаскурай».
На «Белвесце» разрэзалі чаравікі, каб пераканаць беларусаў купляць беларускія. Чытайце падрабязней па спасылцы: https://t.co/L7JSGk19e8 pic.twitter.com/3qUIhNmq6C
— Telegraf.news (@news_telegraf) 12 снежня 2025
Як патлумачылі тэхнолагі, сам матэрыял пакрываюць поліурэтанавай плёнкай, якая не прапускае кісларод. Такім чынам, нага ў такім абутку не «дыхае», што прыводзіць да дыскамфорту, пры тым саму плёнку вельмі лёгка пашкодзіць — да механічных пашкоджанняў матэрыял не ўстойлівы.
Тады як натуральная скура, якая заяўлена ў беларускага вытворцы, мае добрыя паказчыкі водапранікальнасці і парапранікальнасці. Паводле тэхнолага, у такім абутку нага падчас хады не будзе пацець — матэрыял будзе адводзіць лішнюю вільгаць.
Што да тэхналогіі вытворчасці, як патлумачыла спецыялістка, на якасць абутку вельмі ўплывае тое, як мацуецца верх нарыхтоўкі да падэшвы. Звярнуць гэта ўвагу звычайнаму пакупніку ў краме няпроста, але гэта хутка выявіцца ў працэсе нашэння. Затое гэта наглядна можна ўбачыць у разрэзе, што і прадэманстравалі на фабрыцы.
Тэхнолаг патлумачыла, што на «Белвесце» сама нарыхтоўка са скуры праходзіць папярэднюю апрацоўку па зацяжным краі, што павышае якасць прыліпання яе да падэшвы і змяншае верагоднасць адрыву падэшвы пры нашэнні. У абутку азіяцкай вытворчасці такой апрацоўкі няма, а зацяжны краёк не склеены з падэшвай — ён прыклейваецца толькі па борціку. Гэта можа прывесці да таго, што падэшва вельмі хутка адарвецца, і абутак давядзецца несці ў рамонт.