Лукашэнка зганьбіўся ў ролі Яшкі-артылерыста
17- 7.12.2025, 10:12
- 21,708
Той выпадак, калі лепш маўчаць, чым гаварыць.
Кіраўнік Беларусі нядаўна агучыў новы прагноз наконт заканчэння вайны Расіі супраць Украіны. «Салідарнасць» успамінае, што ён казаў раней, і ці знайшлі яго словы адлюстраванне ў рэчаіснасці.
Колькі з прагнозаў Аляксандра Лукашэнкі аказаліся дакладнымі? Прапануем чытачам загадаць лічбу (падказка — гэта дакладна не «нуль») і даведацца з тэксту, ці правільная іх здагадка.
«Вайна працягнецца максімум тры–чатыры дні»
Напярэдадні нападу Расіі на Украіну, на пачатку лютага 2022-га Лукашэнка ў інтэрв’ю прапагандысту Уладзіміру Салаўёву упэўнена заявіў:
– Украіна ніколі з намі не будзе ваяваць: гэтая вайна працягнецца максімум тры–чатыры дні. Там няма каму супраць нас ваяваць. Тых, каго там паказваюць з гэтымі драўлянымі аўтаматамі, як яны трэніруюцца…
«У бліжэйшы час будзе развязка»
У верасні 2022-га кіраўнік таксама не сумняваўся, што вайна хутка скончыцца:
– У бліжэйшы час будзе развязка… У Украіне ўсё залежыць ужо не ад прэзідэнта. Залежыць ад ваенных. Яны там гінуць. Яны бачаць, што гэта бесперспектыўна. Заходняя Украіна — палякі ўжо рукі паціраюць. Палякам далі права там кіраваць Украінай. Вы што, зусім звар’яцелі? Украіну дзеляць.
«Далей будзе поўнае знішчэнне Украіны»
Праз два месяцы, калі ўкраінскія войскі ўжо правялі паспяховае «Харкаўскае контрнаступленне» і вярнулі пад свой кантроль Херсон, кіраўнік Беларусі працягваў гнуць сваю лінію, запалохваючы ўлады суседняй краіны:
– Цяжка, складана, але трэба спыніцца, трэба гэта спыніць, таму што далей будзе поўнае знішчэнне Украіны.
«Ва Украіне мы закончым гэтую вайну. Да гэтага ўжо вялікія перадпасылкі»
Да лета 2023-га ўпэўненасці ў Лукашэнкі, які стаў на бок Расіі, паменела. Пасля паўтара года баявых дзеянняў Украіна не здалася і здавацца не збіралася. Прагноз палітыка, які прадугледжваў хуткую развязку, болей нагадваў адчайную надзею:
– Я не прарок, але ва Украіне мы закончым гэтую вайну. Да гэтага ўжо вялікія перадпасылкі.
«Не, вайна ў гэтым годзе не скончыцца»
У кастрычніку 2024 года расійская прапагандыстка Вольга Скабеева спытала ў Лукашэнкі: «Думаеце, вайна хутка скончыцца? Як бачыце перспектыву?»
Той адказаў: «Оля, хутка, не хутка — гэта ж не час. Калі б ты сказала, што ў гэтым годзе, я б сказаў: «Не, вайна ў гэтым годзе не скончыцца».
Трэба адзначыць, што з гэтым прагнозам Лукашэнка асабліва не рызыкаваў: да канца года заставалася крыху больш за два месяцы, а перамоўны працэс на той момант адсутнічаў.
«Святло ў канцы тунэля з’явіцца ў гэтым годзе»
У студзені 2025-га кіраўнік Беларусі зноў адважыўся агучыць свой прагноз:
– У гэтым годзе нейкая развязка будзе. Я не кажу, што вайна скончыцца і астатняе. Канфліктаваць, напэўна, яшчэ доўга будуць. Але развязка будзе. Святло ў канцы тунэля з’явіцца ў гэтым годзе.
Аднак амаль за год развязка так і не наступіла.
«Скончым гэтую цяганіну, я думаю, у бліжэйшы час ва Украіне»
Самы свежы свой прагноз кіраўнік агучыў 24 лістапада на сустрэчы з губернатарам Яраслаўскай вобласці РФ — пасля публікацыі новага «мірнага плана Трампа»:
– Скончым гэтую цяганіну, я думаю, у бліжэйшы час ва Украіне і зоймемся сваімі ўнутранымі справамі, каб нашым людзям жылося лепш і каб яны разумелі, што лепш нашай зямлі нідзе нічога няма.
Прайшло ўжо два тыдні, але каманда Трампа мала прасунулася.
***
Падсумуем. Хоць прапагандысты запэўніваюць, што ўзровень інфармаванасці Лукашэнкі пра сітуацыю ў рэгіёне і свеце зашкальвае, на практыцы з сямі яго прагнозаў адносна заканчэння вайны ва Украіне дакладным аказаўся толькі адзін.
Кіраўнік нібыта выступіў у ролі Яшкі-артылерыста са старой кінакамедыі: «Батарэя, агонь! Бац, бац — і міма».