7 снежня 2025, Нядзеля, 15:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Business Insider: Украінцы пазбавілі заходніх вайскоўцаў мноства ілюзій

8
Business Insider: Украінцы пазбавілі заходніх вайскоўцаў мноства ілюзій

Еўрапейцы навучаліся на палігонах тактыцы, якая не мае сэнсу ў рэальнай вайне.

Дзесяткі тысяч украінскіх салдат прайшлі навучанне на палігонах еўрапейскіх краін, найбольш — у Вялікабрытаніі. Аднак шмат што з таго, чаму іх там вучылі, немагчыма прымяніць у рэальнай вайне, піша Business Insider.

Маёр Магуайр, брытанскі вайсковы інструктар, з якім пагутарылі журналісты, прызнаўся, што акопы ва Украіне занадта брудныя і няроўныя, каб у іх можна было рэалізаваць класічную «бяспечную тактыку» захопу акопаў, якую брытанская пяхота дзесяцігоддзямі адпрацоўвала на палігонах.

«Мы, магчыма, лічылі, што акопы павінны быць даволі чыстымі і быццам “хірургічнымі”», — сказаў ён.

Паводле слоў Магуайра, трэніровачныя акопы, выкапаныя на вучэбным палігоне ў Вялікабрытаніі, былі зроблены паводле «брытанскіх будаўнічых стандартаў, з драўлянай ашалёўкай і жвіровым дном для дрэнажу». Але на фронце ва Украіне такіх акопаў амаль няма.

Ён расказаў, што некаторыя ўкраінцы, якія праходзілі навучанне ў Вялікабрытаніі, ужо мелі баявы досвед. І яны рабілі акопы зусім не такімі, як іх прывыклі бачыць заходнія вайскоўцы. Напрыклад, украінцы не трацілі час і сілы на выдаленне каранёў дрэў, якія тырчалі са сценак акопа, і наогул не імкнуліся зрабіць траншэі ахайнымі.

Украінцы далі зразумець заходнім калегам, што рыццё акопаў пад пастаянным артылерыйскім абстрэлам і ўдарамі дронаў ужо само па сабе небяспечнае. Марнаваць сілы і час на добраўпарадкаванне ідэальнага акопа няма сэнсу там, дзе нават проста адцягнуць цела загінулага далей ад уваходу ў бліндаж ужо ўяўляе немалую небяспеку.

Як патлумачыў Магуайр, брытанская «бяспечная тактыка» зачысткі акопаў насамрэч даволі марудная і не прыдатная для такой вайны, як ва Украіне. «Украінскі менталітэт зусім іншы. Ім трэба вельмі хутка прайсці праз гэтыя месцы», — сказаў афіцэр.

Акрамя таго, украінцам падчас зачысткі расійскіх акопаў даводзіцца мець справу з шматлікімі пасткамі і мінамі, у тым ліку з замініраванымі целамі саміх расіян — не толькі загінулых, але і тых, хто здаецца ў палон.

Па яго словах, гледзячы на вайну ва Украіне, заходнім вайскоўцам давялося развітацца з некаторымі распаўсюджанымі ілюзіямі. Напрыклад, стала відавочна, што стандарт «залатой гадзіны», на працягу якой параненага трэба даставіць у шпіталь, ніякім чынам не можа быць рэалізаваны ў вайне такога маштабу і інтэнсіўнасці, як ва Украіне.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках