Пад Мінскам упершыню прайшла рэпетыцыя Калядаў у стылі Hygge Christmas
3- 7.12.2025, 14:40
- 2,696
Тэрыторыю аформілі як калядны гарадок са скандынаўскімі матывамі.
У жылым комплексе «Зялёная гавань» пад Мінскам упершыню правялі свята ў фармаце Hygge Christmas. Тэрыторыю аформілі як калядны гарадок са святлавымі інсталяцыямі, скандынаўскімі матывамі і тэматычнымі персанажамі, піша Onliner.
Для наведвальнікаў арганізавалі некалькі актыўнасцяў. Дзяцей і дарослых каталі на невялікім паравозіку, унутры якога гучала аўдыяказка; ролю спадарожніка падарожнікаў выконваў герой скандынаўскага фальклору — гном Томтэ. Нямала ўвагі прыцягнуў і жывы сыч, якога прывезлі арнітолагі — яны распавядалі пра жыццё лясных птушак і адказвалі на пытанні.



Праводзіліся майстар-класы: удзельнікі рабілі кармушкі, рыхтавалі зімовыя пачастункі для птушак і стваралі ўпрыгожанні для ёлкі. Таксама праходзіў фотаквест, у якім можна было атрымаць падарункі.



На пляцоўцы збіралі корм для дзікіх жывёл і птушак цэнтра «Сірын»: наведвальнікі прыносілі збожжа, аўсянку, нарэзаную гародніну і камбікорм. Збор будзе працягвацца да 28 снежня.

Арганізатары заявілі, што падобныя мерапрыемствы плануюць правесці яшчэ 13, 21 і 27 снежня — з 12:00 да 20:00.

