Расія нанесла ўдар па плаціне Печанежскага вадасховішча
3- 7.12.2025, 14:53
- 6,762
Рух на дамбе спынены.
Узброеныя сілы РФ 7 снежня нанеслі ўдар па Печанежскай плаціне ў Харкаўскай вобласці, у выніку рух па дамбе быў спынены.
Старшыня Печанежскага сельскага савета Аляксандр Гусараў у Telegram паведаміў пра наступствы атакі расіян.
«Расійскія акупанты нанеслі ўдар па плаціне Печанежскага вадасховішча. Па стане на 12 гадзін 07 снежня 2025 года рух па дарожным палатне Печанежскай плаціны спынены. Захоўвайце спакой і сачыце за нашымі далейшымі аб'явамі», — гаворыцца ў паведамленні.

На апублікаваных кадрах бачна частковы абвал канструкцыі — знішчаны фрагмент дамбы, з-за чаго рух фактычна немагчымы. Якім чынам расіяне разбурылі дамбу і якія сродкі агнявога паражэння былі задзейнічаны, Гусараў не ўдакладняе.

Зазначым, што праз гэтую дамбу ідзе адна з дарог ад Харкава на Ваўчанск, Вялікі Бурлук і Купянск, дзе працягваюцца інтэнсіўныя баёвыя дзеянні. Таму, меркавана, расійскія войскі спрабавалі парушыць адзін з лагістычных маршрутаў украінскіх Сіл абароны.
Печанежскае вадасховішча: што вядома
Печанежскае вадасховішча — адно з ключавых гідратэхнічных збудаванняў рэгіёна. Яно ўведзена ў эксплуатацыю ў 1963 годзе і забяспечвае больш за 70% гаспадарча-пітнога водазабеспячэння Харкава. Акрамя таго, вадасховішча з карыснай ёмістасцю 341 млн кубаметраў рэгулюе сцёк у верхняй частцы басейна Северскага Данца і забяспечвае арашэнне сельгасугоддзяў.

Зазначым, на фоне удараў па інфраструктуры Расія працягвае інфармацыйныя аперацыі, заяўляючы пра нібыта поўны кантроль над Купянскам. Аднак украінскія вайскоўцы абвяргаюць гэтыя заявы. Так, начальнік рэкрутынгу 10-га корпуса Андрэй з пазыўным «Стратэг» паведаміў, што баі ў горадзе працягваюцца, але ўкраінская абарона ўтрымлівае свае пазіцыі.