Прэзідэнт Чэхіі: Еўропа можа збіваць расійскія самалёты
6- 7.12.2025, 16:07
- 3,442
Фота: EPA
Петр Павел заклікаў больш жорстка рэагаваць на правакацыі Крамля.
Прэзідэнт Чэхіі Петр Павел не выключыў, што ў будучыні Еўропа будзе больш жорстка рэагаваць на правакацыі РФ і аднойчы можа пайсці на збіццё расійскага дрона або самалёта.
Пра гэта чэшскі прэзідэнт заявіў у інтэрв’ю The Sunday Times.
Павел адзначыў, што нерэшучасць заходніх лідараў праяўляецца, у прыватнасці, у неналежнай рэакцыі на парушэнне паветранай прасторы расійскімі дронамі і самалётамі.
Паводле яго слоў, Масква бачыць гэтыя прабелы ў еўрапейскай бяспецы і карыстаецца імі.
Пры гэтым прэзідэнт Чэхіі перакананы, што ў НАТА ёсць важкія падставы, каб даць значна больш жорсткі адпор, чым гэта было дагэтуль.
«Я лічу, што калі гэтыя парушэнні будуць працягвацца, настане момант, калі нам давядзецца ўжыць больш жорсткія меры, у тым ліку, магчыма, збіць расійскі самалёт або беспілотнік. Расія не дапусціла б паўтору парушэнняў сваёй паветранай прасторы. І мы павінны дзейнічаць гэтак жа», — падкрэсліў ён.
Павел дадаў, што гэтыя парушэнні з’яўляюцца наўмыснымі, добра спланаванымі і скіраванымі на дасягненне некалькіх мэтаў.
«Адна з іх — дэманстрацыя таго, што Расія можа гэта зрабіць. Другая — праверка нашай сістэмы супрацьпаветранай абароны. Але гэта таксама праверка нашай рашучасці дзейнічаць у парадку самаабароны», — дадаў ён.
СМІ раней паведамлялі, што на фоне інцыдэнтаў з расійскімі дронамі, якія парушаюць паветраную прастору краін НАТА, у Еўропе задумаліся над тым, які актыўны адказ можна даць на гібрыдныя дзеянні РФ.