Пад Віцебскам з'явіцца вялікая база для глэмпінгу
6- 7.12.2025, 16:14
- 5,260
Што там будзе.
Адпачынак у намётах з усімі зручнасцямі пад Віцебскам стане даступны для аматараў выдатна правесці час на прыродзе.
Там закладуць першую маштабную базу для глэмпінгу, пішуць «Віцьбічі».
Рэалізацыя праекта стартавала ў Віцебскім раёне, непадалёк ад музея-сядзібы Ільі Рэпіна «Здраўнёва». Месцы там маляўнічыя.
Як адзначае выданне, вялікую базу адпачынку новага фармату створюць пры дапамозе замежных інвестыцый.
Задума адпавядае трэндам сучаснага экатурызму, там хочуць развіваць такі напрамак, як глэмпінг (glamorous camping). Гэта калі яднанне з прыродай адбываецца ва ўмовах высокага ўзроўню камфорту.
Пасля праходжання ўсіх экспертыз і атрымання адабрэння ад архітэктурнага савета на абранай пляцоўцы пачаліся работы нулявога цыклу.
Інвестар таксама мае планы па рэканструкцыі дома паляўнічага і рыбалова на Бараўскім возеры.
Таксама ён прыглядваецца да ўчастка побач з возерам Сасно ў вёсцы Должа (недалёка ад «Пікнік Парка») і думае пра ўзвядзенне там базы адпачынку з некалькіх катэджаў.