У Літве увялі надзвычайнае становішча з-за паветраных шароў з Беларусі
- 9.12.2025, 10:45
- 4,094
Кіраўніком дзеянняў дзяржавы пры НС прызначаны міністр унутраных спраў Уладзіслаў Кандратовіч.
На ўсёй тэрыторыі Літвы уводзіцца надзвычайнае становішча з-за выяўлення паветраных шароў з кантрабандай з Беларусі, якія ўяўляюць пагрозу інтарэсам нацыянальнай бяспекі краіны, піша LRT.
Паколькі крызіс з кантрабанднымі метэазондамі з Беларусі працягваецца, урад Літвы абвясціў надзвычайнае становішча на ўсёй тэрыторыі краіны.
Кіраўніком дзеянняў дзяржавы пры НС прызначаны міністр унутраных спраў Уладзіслаў Кандратовіч.
«Варта адзначыць, што увядзенне надзвычайнага становішча на ўсёй тэрыторыі краіны не створыць нязручнасцяў для насельніцтва, бо прымяняемыя меры будуць адраснымі і суразмернымі, накіраванымі выключна на арганізатараў і выканаўцаў супрацьпраўнай дзейнасці», — паведамілі ў МУС.
Рэжым надзвычайнага становішча дазволіць літоўскім ведамствам яшчэ больш цесна каардынаваць дзеянні і заручыцца падтрымкай вайсковых частак.
Раней прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа паведамляў, што на бліжэйшым пасяджэнні Савета бяспекі будуць абмяркоўваць, «што такое беларускія актывы і якія магчымыя варыянты ў гэтай сферы, то бок проста замарозка або канфіскацыя беларускіх актываў, якія знаходзяцца ў Літве».
Паводле яго слоў, беларускім уладам «трэба прызнаць вынікі выбараў 2020 года і канкрэтна зняць санкцыі», а любая спроба Літвы пайсці на паваду ў Лукашэнкі скончыцца вельмі простым і прамым пытаннем: «Вы дапаможаце нам зняць санкцыі з калійных угнаенняў?»
Кіраўнік МУС Літвы адзначаў, што ў кантрабанду, звязаную з метэазондамі, якія прылятаюць, уцягнутыя многія грамадзяне Літвы, аднак «арганізатары гэтага працэсу звязаныя з [беларускім] рэжымам і выкарыстоўваюцца ім». Ён лічыць, што гэта не стыхійная актыўнасць, а элемент больш шырокай стратэгіі. А блакаванне літоўскіх грузавікоў у Беларусі таксама упісваецца ў логіку гібрыднай атакі.
Паводле яго слоў, такім чынам у літоўскім грамадстве выклікаюць паніку і «спрабуюць нешта вытаргаваць» за кошт лагістычных кампаній. Кіраўнік МУС Літвы мяркуе, што «гэта звычайнае шулерства, якое не мае нічога агульнага з практыкай улады дэмакратычнай дзяржавы».
Ён таксама паведаміў, што ў Літве ўжо выбралі тры кампаніі для распрацоўкі прататыпа сістэмы, якая дазволіць абясшкоджваць кантрабандныя метэазонды на вышыні 10 кіламетраў.