Літва рыхтуе замарожванне або канфіскацыю актываў Лукашэнкі
2- 9.12.2025, 13:08
- 6,030
Цярпенне Вільнюса лопнула.
Дзяржаўны савет абароны Літвы ў сярэдзіне снежня абмеркуе, якія актывы Мінска, што знаходзяцца ў Літве, могуць быць замарожаныя або канфіскаваныя.
«Мы размаўлялі на Дзяржаўным савеце абароны пра камплексную супрацьпаветраную абарону. Цяпер мы гаворым пра іншыя пытанні, якія будуць узнятыя на наступным Дзяржаўным савеце абароны. Перш за ўсё, якія актывы мае Беларусь і якія магчымыя варыянты ў гэтай сферы. Ідзе гаворка пра замарожванне або канфіскацыю беларускіх актываў, што знаходзяцца ў Літоўскай Рэспубліцы», — заявіў прэзідэнт краіны Гітанас Наўседа у эфіры мясцовага тэлеканала LRT.
Раней дарадца прэзідэнта па пытаннях нацыянальнай бяспекі Марыюс Чэснулявічус анансаваў на сярэдзіну снежня пасяджэнне Дзяржаўнага савета абароны. Парадак дня не агучваўся.
Па выніках апошняга пасяджэння савета, што адбылося ў лістападзе, было абвешчана, што Літва цягам наступных трох гадоў распрацуе інтэграваную сістэму супрацьпаветранай абароны коштам у некалькі сотняў мільёнаў еўра.
Адносіны паміж Беларуссю і Літвой абвастрыліся ў кастрычніку. Тады на фоне актывізацыі кантрабандных паставак цыгарэт у Літву (гэта прыводзіць да перыядычнага спынення работы вільнюскага аэрапорта, паколькі кантрабандысты для пераправы грузаў выкарыстоўваюць метэазонды) Вільнюс вырашыў закрыць пункты пропуску на мяжы з Беларуссю да канца лістапада.
Пасля гэтага высветлілася, што ў Беларусі без магчымасці выехаць у Літву застаецца каля 1,8 тыс. літоўскіх грузавікоў, а таксама грузавыя прычэпы і паўпрычэпы. Урад Беларусі спачатку абмежаваў ім магчымасць перамяшчэння, а затым вырашыў выпусціць кіроўцаў, а аўтамабілі пакінуць на спецстаянках. Літоўскі ўрад дзеля вяртання фураў вырашыў датэрмінова адкрыць мяжу, што было зроблена ў ноч на 20 лістапада, але гэта праблему не вырашыла. Мінск патрабуе перамоваў на дыпламатычным узроўні, на што Вільнюс не згаджаецца.