Пінгвін на сёрфе аседлаў хвалю ў Афрыцы
- 9.12.2025, 13:24
- 1,646
Відэахіт.
Ля берагоў Паўднёвай Афрыкі лёгка можна сустрэць самых грозных драпежнікаў акіяна — вялікіх белых акул. Апошнім часам гіганцкіх драпежнікаў у гэтых краях стала значна менш — акулы пакідаюць рэгіён з-за нападаў касатак, якія навучыліся атакаваць драпежнікаў, перакульваючы іх і абязрухоўваючы, каб дабрацца да пажыўнай печані.
Аднак касаткі і вялікія белыя акулы — не адзіныя, хто жыве ў гэтых водах. Тут таксама можна сустрэць пінгвінаў. Адну марскую птушку нядаўна ўдалося зняць на камеру.
На відэа бачна, як пінгвін «пазычыў» сёрфборд у мясцовага сёрфера, каб трохі адпачыць. Марская птушка ўпэўнена трымаецца на дошцы і нават болей — пінгвіну літаральна ўдалося аседлаць некалькі хваль.
Варта адзначыць, што ў Паўднёвай Афрыцы жыве толькі адзін від пінгвінаў — афрыканскі пінгвін (Spheniscus demersus). Прадстаўнікі гэтага віду гняздуюцца на ўзбярэжжы ПАР і Намібіі, уключаючы папулярныя турыстычныя мясціны, такія як пляж Боулдэрс-Біч непадалёк ад Кейптаўна, дзе жывуць тысячы гэтых птушак.
Паводле слоў вучоных, афрыканскія пінгвіны адрозніваюцца ад антарктычных сваякоў меншымі памерамі: у сярэднім іх рост дасягае 70 сантыметраў. Акрамя таго, антарктычныя пінгвіны адрозніваюцца характэрным «асліным» роўам і вузкай чорнай падкоўкай на грудзях.
На жаль, сёння афрыканскія пінгвіны знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Аднак дзякуючы ахове і экатурызму даследчыкам удаецца падтрымліваць папуляцыю марскіх птушак.