Працаўнікам жлобінскай фабрыкі прапанавалі сагравацца каля мікрахвалёвак
5- 9.12.2025, 14:29
- 2,724
Праверка выявіла «незначныя адхіленні».
Нядаўна працоўныя Жлобінскай швейнай фабрыкі паскардзіліся на нізкую тэмпературу ў цэхах. Паводле іх слоў, «павінна быць 21 градус, але вышэй за 10 не падымаецца». Было і відэапацвярджэнне гэтаму. Пасля публічных скаргаў на прадпрыемства прыехалі праверка і мясцовае дзяржТБ, былі выяўлены «незначныя» парушэнні, піша «Зеркало».
Фабрыку правярала санэпідслужба. Паводле даных спецыялістаў, адхіленні ад нормы нязначныя.
«Устаноўлены нязначныя адхіленні ад гігіенічнага нарматыву па тэмпературы паветра на рабочых месцах у швейным цэху — на 1−3 градусы. Пры норме 20 тэмпература паветра складае 17−19 градусаў. На сёння вызначаная тэмпература 18,6−19,4 градуса», — распавёў прадстаўнік абласной санэпідслужбы Ягор Лазарковіч.
Для ліквідацыі парушэнняў кіраўніцтву фабрыкі выдалі прадпісанне.
Паводле слоў дырэктаркі фабрыкі Таццяны Асіпавай, цяпер, каб сагрэцца, ёсць два тэхналагічныя перапынкі і абед. Дадаткова хочуць увесці яшчэ перапынкі, каб супрацоўнікі маглі сагрэцца ў «памяшканнях для прыёму ежы», дзе ёсць чайнікі і мікрахвалёўкі, а пасля прыступіць да далейшай працы.
У швейным цэху цяпер штодня працуюць каля 70 чалавек. Меркаванні некалькіх апытаных падзяліліся — камусьці халодна, а камусьці даводзіцца апранацца цяплей.