16 студзеня 2026, Пятніца, 5:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзерыпаска прадказаў для Расіі ізаляваны інтэрнэт і тэхналагічную адсталасць

23
Дзерыпаска прадказаў для Расіі ізаляваны інтэрнэт і тэхналагічную адсталасць
Алег Дзерыпаска

РФ прайграла ў стратэгічнай гонцы.

Адзін з самых багатых расіян, заснавальнік алюмініевай кампаніі «Русал» Алег Дзерыпаска раскрытыкаваў расійскія ўлады за тое, што яны «кашмаряць» прыватны бізнес і не даюць яму працаваць у сферы штучнага інтэлекту (ШІ), які ён лічыць тэхналагічнай рэвалюцыяй. «Калі ў Расіі не дадуць працаваць прыватнаму бізнесу ў сферы штучнага інтэлекту і не перастануць яго кашмарзіць, мы праспім і гэтую чарговую — ужо чацвёртую — тэхналагічную рэвалюцыю і будзем радавацца сваёй суверэннасці ў пячоры ізаляванага інтэрнэту», — напісаў Дзерыпаска ў сваім тэлеграм-канале. Паводле яго слоў, сакрэт поспеху не выглядае фантастычным: доўгатэрміновае планаванне, дзяржаўная падтрымка, дапамога нацыянальным чэмпіёнам.

Сваё папярэджанне ён суправадзіў аналізам глабальнай гонкі ШІ, спасылаючыся на выступленне кіраўніка Nvidia Джэнсена Хуанга, найбуйнейшай у свеце кампаніі па вытворчасці чыпаў для ШІ. Паводле Хуанга, суперніцтва ЗША і Кітая — гэта не дуэль ChatGPT з DeepSeek, а сістэмная канкурэнцыя па асноўных напрамках: энергетыка, чыпы, інфраструктура дата-цэнтраў, мадэлі ШІ і іх практычнае прымяненне.

Прагноз у адносінах да Расіі выглядае асабліва трывожна. Эканамічная і тэхналагічная ізаляцыя пакідае краіну на ўзбочыне глабальнага развіцця штучнага інтэлекту. Так, на рускамоўнай платформе LM Arena, дзе карыстальнікі ацэньваюць якасць мадэляў ШІ, найлепшы расійскі прадукт — GigaChat ад «Сбера» — займае толькі 25-е месца, саступаючы старым версіям ChatGPT ад OpenAI і Gemini ад Google. YandexGPT знаходзіцца яшчэ ніжэй — на 35-й пазіцыі.

Паводле рэйтынгу Стэнфардскага ўніверсітэта Global AI Vibrancy Tool, які вымярае развітасць і эфектыўнасць экасістэм ШІ, Расія займае 28-е месца з 36 краін. Яшчэ больш жорсткай выглядае ацэнка Міжнароднага валютнага фонду: у індэксе гатоўнасці 174 краін да ўкаранення ШІ Расія знаходзіцца толькі на 53-й пазіцыі з паказчыкам 0,56 бала з 1 магчымай. Для параўнання: еўразона ў цэлым мае 0,67, Кітай — 0,64, Польшча — 0,6, а лідарамі сталі Сінгапур, Данія, ЗША, Нідэрланды і Эстонія.

«Расія на гады адстае ў распрацоўцы ўласнага ШІ. Яна ўжо прайграла ў гэтай гонцы, і дагнаць лідараў ёй немагчыма», — заявіў The Wall Street Journal Юрый Падарожны, былы кіраўнік сэрвісаў «Яндэкс.Карты» і «Яндэкс.Метро», які пасля пачатку вайны выехаў з краіны і цяпер працуе дырэктарам па ШІ ў фінтэх-стартапе Finom. У 2024 годзе ўсе расійскія ШІ-кампаніі прыцягнулі ўсяго каля $30 млн венчурных інвестыцый, тады як адна толькі OpenAI атрымала больш за $6 млрд.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках