Мэрц: Элементы новай стратэгіі Трампа непрымальныя для Еўропы
- 9.12.2025, 15:59
- 2,690
Канцлер Германіі параіў прэзідэнту ЗША пазбягаць самадзейнасці.
Канцлер Германіі Фрыдрых Мэрц заявіў, што некаторыя часткі стратэгіі нацыянальнай бяспекі ЗША з’яўляюцца «непрымальнымі» з еўрапейскага пункта гледжання. Пра гэта ён сказаў, выступаючы падчас візіту ў зямлю Рэйнланд-Пфальц, перадае The Guardian.
Канцлер Германіі Фрыдрых Мэрц адрэагаваў на апошнія заявы ЗША, у прыватнасці, адносна іх новай стратэгіі нацыянальнай бяспекі. Ён сказаў, што стратэгія «па сутнасці» яго не здзівіла, звязаўшы яе з мюнхенскай прамовай віцэ-прэзідэнта Дж. Д. Вэнса ў пачатку гэтага года. Паводле яго слоў, Вэнс выказваў аналагічныя тэзісы, выступаючы за падыход «Амерыка перш за ўсё».
Мэрц заявіў, што элементы новай стратэгіі нацыянальнай бяспекі ЗША непрымальныя для ЕС і параіў прэзідэнту Дональду Трампу пазбягаць самадзейнасці.
«Нешта з гэтага можна зразумець, нешта можна прыняць, а нешта для нас непрымальнае з еўрапейскага пункта гледжання. Гэта пацвярджае маю ацэнку, што мы ў Еўропе, а значыць, і ў Германіі, павінны стаць значна больш незалежнымі ад ЗША з пункту гледжання палітыкі бяспекі», — сказаў ён.
Журналісты Bloomberg таксама дадалі, што Мэрц назваў легітымным лозунг «Амерыка перш за ўсё». Аднак, на яго думку, лозунг «Амерыка толькі» не адпавядае інтарэсам ЗША.
«Вам таксама патрэбныя партнёры ў свеце, і адным з такіх партнёраў можа быць Еўропа. Калі вы не можаце мець справу з Еўропай, то хаця б зрабіце Германію сваім партнёрам. Менавіта гэта я спрабую зрабіць», — сказаў Мэрц, звяртаючыся да ЗША.
Мэрц выказаў надзею, што адміністрацыя Трампа «прызнае, што мы з’яўляецца партнёрамі і што ў нас ёсць агульная мэта, а менавіта — захаванне свабоды, бяспекі і міру на нашым кантыненце».
Мэрц дапусціў, што мюнхенская прамова Вэнса дапамагла падштурхнуць Германію да маштабнага пашырэння яе ўзброеных сіл.