У Беларусі з'явіўся сёмы аб'ект нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА
- 9.12.2025, 17:34
- 2,206
Ён патрабуе тэрміновай аховы.
Неглюбская тэкстыльная традыцыя з Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці афіцыйна ўнесена ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, што патрабуе тэрміновай аховы, паведамляе МЗС Беларусі.
Неглюбскае ткацтва вядомае сваім багаццем адценняў і складанасцю арнаментаў. У адным рушніку майстрыхі могуць выкарыстоўваць да дваццаці пяці колераў, ствараючы шматслойныя кампазіцыі, заснаваныя на больш як ста дваццаці традыцыйных узорах. Многія матывы караняцца ў тысячагадовай сімволіцы і нясуць у сабе пажаданні шчасця, здароўя, кахання і дабрабыту. Найбольш пазнавальнымі элементамі лічацца «крывулі», «павукі» і «яблынька» — геаметрычныя і раслінныя вобразы, якія на працягу стагоддзяў перадаваліся з пакалення ў пакаленне.

Адметнасць неглюбскай традыцыі ў тым, што яна не ператварылася ў музейны экспанат. Вырабы працягваюць заставацца часткай паўсядзённага жыцця мясцовых жыхароў, а самі майстры актыўна навучаюць моладзь, захоўваючы тэхніку ручнога ткацтва і вышыўкі.
З уключэннем неглюбскай традыцыі колькасць беларускіх элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА дасягнула сямі. У розныя гады ў гэты спіс увайшлі «Калядныя цары», Будслаўскі фэст, «Юр’еўскі карагод», культура бортніцтва, саломапляценне і выцінанка. Цяпер да іх далучылася і ўнікальнае тэкстыльнае рамяство Веткаўскага раёна.