Зяленскі назваў умовы для выбараў ва Украіне падчас вайны
5- 9.12.2025, 22:23
- 4,690
Прэзідэнт Украіны гатовы правесці выбары цягам бліжэйшых трох месяцаў.
Украіна будзе гатовая да выбараў цягам некалькіх бліжэйшых месяцаў, калі заходнія партнёры дапамогуць забяспечыць бяспеку краіны, заявіў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, паведамляе РБК Украіна.
«Паколькі гэтае пытанне сёння падымае прэзідэнт ЗША, я адкажу коратка — я гатовы да выбараў. Больш за тое, я зараз прашу ЗША дапамагчы мне, магчыма, разам з еўрапейскімі калегамі, забяспечыць бяспеку для правядзення выбараў, і тады цягам наступных 60–90 дзён Украіна будзе гатовая да правядзення выбараў», — сказаў ён.
У той жа час, паводле слоў Зяленскага, ёсць некалькі пытанняў да працэсу арганізацыі патэнцыйных выбараў. «Перш за ўсё — бяспека: як гэта правесці, як гэта зрабіць пад абстрэламі, пад ракетамі. Што да нашых вайскоўцаў, стаіць пытанне, як яны будуць галасаваць. І другое пытанне — заканадаўчая аснова для легітымнасці правядзення выбараў», — заявіў ён журналістам.
Дональд Трамп неаднаразова заклікаў да правядзення выбараў ва Украіне, чарговы раз ён зрабіў гэта 9 снежня ў інтэрв’ю выданню Politico.