Еўрапейскія лідары: Мы ўзмоцнім нашу падтрымку Украіны
17- 13.02.2025, 11:07
- 6,862

У супольная заяве Нямеччыны, Францыі, Польшчы, Вялікабрытаніі, Гішпаніі, Італіі, замежнапалітычнай службы ЕЗ і ЕК падкрэсліваецца гатоўнасць далейшай падтрымкі Кіева.
"Украіна і Еўропа павінны быць часткай усіх перамоў", якія тычацца заканчэння вайны ва Украіне. Як паведамляе DW, такое меркаванне выказалі міністры замежных спраў Нямеччыны, Францыі, Польшчы, Вялікабрытаніі, Гішпаніі, Італіі, а таксама замежнапалітычная служба ЕЗ і Еўракамісія ў супольнай заяве, зробленай у сераду, 12 лютага, неўзабаве пасля тэлефоннай размовы аб Украіне паміж прэзідэнтамі ЗША і Расеі - Дональдам Трампам і Уладзімірам Пуціным.
“Справядлівы і доўгатэрміновы мір ва Украіне - неабходная ўмова для надзейнай трансатлантычнай бяспекі”, - гаворыцца таксама ў гэтым дакуменце. Як падкрэслілі еўрапейскія дыпламаты, яны з радасцю чакаюць перамоў "з амерыканскімі супольнікамі" аб далейшых дзеяннях. Пры гэтым агульнай мэтай павінна стаць "перамяшчэнне Украіны ў пазіцыю моцнага", мяркуюць аўтары заявы.
Гатоўнасць узмацніць падтрымку Украіны
Еўрапейскія краіны, міністры замежных спраў якіх падпісалі заяву, таксама выказваюць гатоўнасць узмацніць сваю падтрымку Украіны і ўважаюць за неабходнае даць гэтай краіне гарантыі бяспекі. “Мы гатовыя ўзмацніць нашу падтрымку Украіны. Мы баронім яе незалежнасць, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць перад тварам агрэсіўнай вайны Расеі”, - падкрэсліваюць яны.
«Мы падзяляем мэту падтрымліваць Украіну так доўга, пакуль не будзе дасягнуты справядлівы, усёабдымны і доўгатэрміновы мір», - гаворыцца далей у дакуменце. Разглядаецца мірнае пагадненне, якое гарантуе захаванне інтарэсаў Украіны і еўрапейскіх краін, удакладняе агенцтва dpa.
Тэлефонная размова Дональда Трампа і Уладзіміра Пуціна
12 лютага адбылася першая пацверджаная тэлефонная размова паміж прэзідэнтамі ЗША і Расеі. Яе важнай тэмай стала магчымасць заканчэння вайны ва Украіне. Пасля размовы з Уладзімірам Пуціным Дональд Трамп паразмаўляў таксама з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
Выступаючы перад журналістамі ў Белым доме пазней, Трамп анансаваў асабістую сустрэчу з Пуціным у Савудаўскай Арабіі і выказаў меркаванне, што прыём Украіны ў NATO з'яўляецца немэтазгодным, а вяртанне Кіеву ўсіх акупаваных тэрыторый - "малаверагодным".