Экс-дарадца Трампа жорстка раскрытыкаваў прэзідэнта ЗША
32- 13.02.2025, 12:02
- 8,272

Кіраўнік Белага дома занадта рана пачаў казаць пра саступкі.
Былы дарадца амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа ў пытаннях нацыянальнай бяспекі Джон Болтан мяркуе, што заява рэспубліканца аб патэнцыйных стратах Украіны яшчэ да пачатку перамоў з РФ азначае, што Трамп "фактычна здаўся Пуціну".
Пра гэта ён напісаў у X.
Болтан заявіў, што дазваляць Расеі "замахвацца на суверэнітэт Украіны, вербаваць ворагаў накшталт Паўночнай Карэі для дапамогі ў сваёй барацьбе, а затым здраджваць украінцам, згаджаючыся на страту іх тэрыторыі і гарантый бяспекі або сяброўства ў NATO - недапушчальна".
"Зрабіўшы гэтыя і іншыя саступкі яшчэ да пачатку перамоў, Трамп фактычна здаўся Пуціну ў пытанні Украіны", – мяркуе ён.
Экс-дарадца амерыканскага прэзідэнта адзначыў, што шмат разоў папярэджваў аб тым, што Трамп возьме бок Расеі ў перамовах паміж украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і кіраўніком Крамля Уладзімірам Пуціным.
"Вайсковыя паказчыкі Расеі былі несуцяшальнымі, але Трамп апраўдвае пастанову Пуціна аб уварванні", – сказаў ён.
Болтан мяркуе, што шкода інтарэсам бяспекі ЗША "выйдзе далёка за межы Цэнтральнай Еўропы, як гэта выразна бачаць нашы супраціўнікі на Блізкім Усходзе і ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне".
“Лідары ЗША абавязаныя адназначна падтрымліваць Украіну і ўсіх супольнікаў з NATO, якія падтрымліваюць Кіеў. Не ў нашых нацыянальных інтарэсах дазволіць несправакаванай агрэсіі Крамля супраць Украіны перамагчы. Адміністрацыі Трампа павінна быць сорамна”, - рэзюмаваў ён.