Віцэ-прэзідэнт ЗША прыстрашыў Крэмль адпраўкай амерыканскага войска ва Украіну
41- 14.02.2025, 9:37
- 21,424

Калі Пуцін сарве мірныя перамовы.
ЗША ўвядуць новыя санкцыі супраць Расеі і адправяць амерыканскія войскі ва Украіну, калі прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін не пагодзіцца закончыць вайну і сарве мірныя перамовы, заявіў віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Ды Вэнс.
"Ёсць эканамічныя вагары ціску, ёсць, вядома, і вайсковыя вагары ціску", – сказаў ён у інтэрв'ю Wall Street Journal(WSJ).
Са слоў Вэнс, адміністрацыя прэзідэнта Дональда Трампа будзе імкнуцца пераканаць Пуціна ў тым, што Расея даб'ецца большага за сталом перамоў, чым на полі бою.
Ён зазначыў, што ў выпадку паспяховага пагаднення аб Украіне, ЗША могуць перазагрузіць стасункі з Расеяй, бо цяперашняя ізаляцыя Масквы ад заходніх краін робіць яе малодшым партнёрам Пекіна.
"Не ў інтарэсах Пуціна быць малодшым братам у кааліцыі з Кітаем", - растлумачыў Вэнс.
У той жа час віцэ-прэзідэнт адмовіўся казаць аб магчымых параметрах мірнай дамовы паміж Расеяй і Украінай. Паводле ягоных слоў, пакуль незразумела, якая частка акупаванай украінскай тэрыторыі застанецца пад кантролем Расеі і якія гарантыі бяспекі атрымае Кіеў ад ЗША і іншых заходніх супольнікаў.
"Ёсць колькі хочаце фармулёвак, канфігурацый, але мы клапоцімся аб тым, каб Украіна заставалася суверэннай і незалежнай", – сказаў Вэнс.
Разам з тым, паводле ягоных слоў, у Трампа "няма шораў на вачах" — ён гатовы абмяркоўваць усе варыянты, але можа змяніць сваё меркаванне ў тых ці іншых пытаннях падчас перамоў. "Я думаю, што з гэтага выйдзе ўгода, якая шакуе многіх людзей", – папярэдзіў віцэ-прэзідэнт ЗША.
Трамп пасля ўступлення на пасаду прэзідэнта правёў першую афіцыйную тэлефонную размову з Пуціным 12 лютага. Па выніках гутаркі, якая доўжылася паўтары гадзіны, Трамп паведаміў, што дамовіўся з расейскім прэзідэнтам аб тым, што каманды дзвюх краін "неадкладна пачнуць перамовы" аб урэгуляванні вайсковага канфлікту. Напярэдадні прэзідэнт ЗША анансаваў дзве сустрэчы высокапастаўленых амерыканскіх чыноўнікаў з прадстаўнікамі Расеі ды Украіны. Паводле ягоных слоў, яны павінны прайсці ў Мюнхене на канферэнцыі аб бяспецы 14 лютага і на наступным тыдні ў Савудаўскай Арабіі. Аднак у Кіеве заявілі, што сустрэчы з расейскай дэлегацыяй у Мюнхене не будзе, бо для пачатку перамоў з Масквой Кіеву трэба ўзгадніць пазіцыю з Вашынгтонам і еўрапейскімі сталіцамі.