Трамп анансаваў старт перамоў Расеі, Украіны і ЗША
22- 7,368

Высокапастаўленыя амерыканскія службоўцы правядуць дзве сустрэчы.
Высокапастаўленыя амерыканскія чыноўнікі збіраюцца найбліжэйшым часам правесці дзве сустрэчы з прадстаўнікамі Расеі і Украіны ў рамках намаганняў аб заканчэнні вайны, паведаміў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.
«Заўтра [14 лютага] адбудзецца сустрэча ў Мюнхене (на Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы. - рэд.), а на наступным тыдні - сустрэча ў Савудаўскай Арабіі, не са мной ці прэзідэнтам [Расеі Уладзімірам] Пуціным, але са службовымі асобамі высокага рангу. І Украіна таксама будзе ўдзельнічаць у ёй», - сказаў Трамп журналістам у Белым доме, не ўдакладніўшы, у якім фармаце могуць прайсці гэтыя кантакты.
Між тым у афіцыйнай праграме Мюнхенскай канферэнцыі не пазначаная сустрэча, пра якую паведаміў Трамп. Расейскія чыноўнікі не наведвалі мерапрыемства з 2022 года, калі пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне. Дарадца прэзідэнта Украіны Дзмітрый Літвін заявіў, што ўкраінская дэлегацыя не плануе праводзіць сустрэчу з расейцамі ў Мюнхене. «Украіна спачатку павінна размаўляць з Амерыкай. Еўропа павінна быць удзельніцай любой сур'ёзнай размовы дзеля сапраўднага і працяглага міру. І толькі ўзгодненая агульная пазіцыя павінна быць на стале для размовы з расейцамі. За пустым сталом з расейцамі не сустракаюцца», - сказаў Літвін.
Мюнхенская канферэнцыя пройдзе з 14 да 16 лютага. У рамках мерапрыемства чакаецца сустрэча прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з віцэ-прэзідэнтам ЗША Джэй Ды Вэнсам і дзяржсакратаром ЗША Марка Рубіё.
Раней Трамп называў Савудаўскую Арабію адным з магчымых месцаў яго асабістай сустрэчы з Пуціным, з якім ён правёў першую афіцыйную тэлефонную размову 12 лютага. Пасля гэтага ў Крамлі заявілі, што пачалі фармаваць перамоўную групу для дыялогу з ЗША, аднак хто ў яе ўвойдзе, пакуль невядома.
Сярод удзельнікаў амерыканскай каманды Трамп называў дзяржсакратара Марка Рубіё, дырэктара ЦРУ Джона Рэткліфа, дарадцу ў нацыянальнай бяспецы Майка Уолца і спецпасланніка Блізкага Усходу Стыва Уіткофа.