Міністр абароны Нямеччыны: Мір у Еўропе можна забяспечыць толькі з пазіцыі сілы
6- 14.02.2025, 16:35
- 3,188

Пісторыус назваў галоўныя сферы вайсковых тэхналогій будучыні.
Міністр абароны Нямеччыны Борыс Пісторыус заявіў, што Еўропа не зможа расслабіцца нават пры дасягненні мірнага пагаднення ў вайне Расеі супраць Украіны - Уладзімір Пуцін працягне правакаваць Захад.
Аб гэтым ён сказаў на мерапрыемстве «Ноч інавацый», якое адбылося на палях Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі, паведамляе «Укрінфарм».
Са слоў міністра, адміністрацыя Трампа «стараецца ўкласці больш хуткае мірнае пагадненне паміж Расеяй і Украінай». А Еўропе «ЗША прапануе гарантаваць шырокую бяспеку для гэтага міру».
Аднак нават у выпадку дасягнення мірнага пагаднення Еўропа не зможа расслабіцца, мяркуе Пісторыус, бо Масква працягне правакаваць еўрапейскія краіны, а еўрапейцам давядзецца забяспечваць мір.
«Пуцін працягне нападаць на нас гібрыдным спосабам. Ён і надалей будзе заставацца пагрозай для нашага кантынента», - заявіў Пісторыус напярэдадні адкрыцця мерапрыемства.
Таму, паводле меркавання міністра, Еўропа павінна абараніць сябе з дапамогай моцнай інавацыйнай базы вайсковых тэхналогій. Вайна ва Украіне паказала важнасць тэхналагічных інавацый ва ўмовах сучаснай вайны.
«Мір у Еўропе можна забяспечыць толькі з пазіцыі сілы», – падкрэсліў Пісторыус.
Кіраўнік Мінабароны Нямеччыны назваў 4 галоўныя сферы вайсковых тэхналогій будучыні: штучны інтэлект, дроны, квантавыя тэхналогіі і кібербяспеку.
Разам з тым Пісторыус падкрэсліў, што ніводнае мірнае пагадненне не можа быць дасягнутае без абмеркавання з Украінай. Ды і якія-небудзь перамовы без уключэння Еўропы таксама не спрацуюць, упэўнены міністр.