16 сакавiка 2025, Нядзеля, 8:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея адправіла ў Сірыю самалёт з грашыма

12
Расея адправіла ў Сірыю самалёт з грашыма

Крэмль спрабуе падкупіць новыя ўлады?

У аэрапорт Дамаска прыбыла партыя з сотняў мільярдаў сірыйскіх фунтаў ад Расеі, дзе грошы друкаваліся ў эпоху кіравання зрынутага дыктатара Башара Асада, піша Reuters са спасылкай на дасведчаную крыніцу. Гэтая сума эквівалентная дзясяткам мільёнаў даляраў ЗША. Паводле інфармацыі суразмоўцы агенцтва, Расея не паспела пераправіць гэтыя грошы ў Сірыю да моманту зрынання Асада паўстанцамі ў пачатку снежня 2024 года.

Адзначаецца, што новыя ўлады Сірыі запатрабавалі ў Расеі спыніць эмісію валюты пасля ўцёкаў Асада ў Маскву. Крыніца Reuters не ўдакладніла, што менавіта заахвоціла РФ даставіць надрукаваную гатоўку ў Сірыю. Пасля змены ўлады краіна сутыкнулася з дэфіцытам ліквіднасці, а ў студзені новая кіраўніца Цэнтральнага банка Сірыі Майса Сабрын заявіла, што хацела б прыпыніць друкаванне сірыйскіх фунтаў, каб спыніць інфляцыю, якая значна падскочыла.

Як паведамляе Reuters, з прыходам да ўлады новага кіраўніцтва сірыйскі фунт умацаваўся на чорным рынку, чаму садзейнічаў прыток сірыйцаў з-за мяжы і скасаванне строгага кантролю за гандлем замежнай валютай. Так, паводле біржавых звестак, у чацвер ён таргаваўся курсам 9850 фунтаў за $1. Афіцыйны курс абмену, паводле інфармацыі Цэнтрабанка, знаходзіўся ў пятніцу, калі закрыліся біржы, на ўзроўні блізу 13 000 фунтаў за $1.

Гэта выклікала асцярогу наконт ліквіднасці сірыйскіх фунтаў. Суразмоўца агенцтва паведаміў, што ў сірыйскага рэгулятара ёсць толькі $200 млн валютных рэзерваў гатоўкай і гэта велізарнае падзенне ў параўнанні з паказчыкам 2010 года (за год да пачатку грамадзянскай вайны), калі, паводле ацэнак Міжнароднага валютнага фонду, Сірыя мела $18,5 млрд рэзерваў.

Крыніцы Reuters проста не называюць прычыну адпраўкі гатоўкі з Расеі, але размова можа ісці аб спробе Крамля такім чынам надаваць фінансавую дапамогу новаму сірыйскаму рэжыму, каб захаваць свае вайсковыя базы ў краіне.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках