23 сакавiка 2025, Нядзеля, 3:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

FT: Трамп паставіў Пуціна перад выбарам паміж дрэнным і вельмі дрэнным варыянтамі

19
FT: Трамп паставіў Пуціна перад выбарам паміж дрэнным і вельмі дрэнным варыянтамі

Кіраўнік Крамля рызыкуе стаць няўдачнікам.

Тэлефонная размова прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з расейскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным надзвычай устрывожыла Еўропу, якая баіцца паўтарэння Мюнхенскай змовы 1938 года. Аднак насамрэч гаспадар Крамля апынуўся перад няпростым выбарам, піша ў аўтарскім артыкуле для Financial Times Лоўрэнс Фрыдман, вядучы спецыяліст у галіне брытанскіх стратэгічных даследаванняў і ганаровы прафесар у Каралеўскім каледжы Лондана.

Ён адзначыў, што да гэтага часу амерыканцы не патрабавалі ад Украіны назаўжды адмовіцца ад акупаваных расейцамі тэрыторый і тым больш аддаць Расеі яшчэ большую тэрыторыю. Не было ад ЗША патрабаванняў раззброіць украінскія войскі і змяніць канстытуцыю дзеля дагаджэння Маскве.

«Пуцін, без сумневу, рады, што Трамп ставіцца да яго з павагай. Але без выканання гэтых патрабаванняў ён не дасягне сваіх ваенных мэтаў», – адзначае аналітык.

Хоць Пуціну, відавочна, будзе дазволена пакінуць пад кантролем Масквы вялікі кавалак украінскай зямлі, пры гэтым застаецца перспектыва, што Украіна адновіць свае сілы пры падтрымцы Захаду, каб вярнуцца да барацьбы пазней, піша Фрыдман. І гэта ў дадатак да таго, што Расеі цяпер давядзецца выдаткоўваць вялізныя грошы на ахову і падтрымку акупаванай тэрыторыі, значная частка якой спрэс разбураная баямі.

Аналітык не бачыць падставаў меркаваць, што Трамп зацікаўлены задаволіць максімалісцкія патрабаванні Пуціна. І, паколькі яшчэ свежыя ўспаміны пра ганебныя ўцёкі амерыканцаў з Афганістана ў жніўні 2021 года, ёсць межы таго, наколькі Трамп можа прымушаць Кіеў да саступак.

І гэта пры тым, што перамоўная пазіцыя самога Пуціна не надта моцная. Расейскае войска бесперапынна наступае з восені 2023 года, але тэрытарыяльныя дасягненні за гэты час былі вельмі абмежаванымі і нават блізка не падобныя на першапачатковыя мэты Масквы. А страты вялізныя. Да таго ж цяпер частку самой Расеі кантралююць украінскія войскі.

Кампанія паветранага тэрору супраць украінскай энэргетыкі ўжо другі раз пацярпела крах. Затое ўкраінскія дроны паслядоўна знішчаюць расейскую нафтавую інфраструктуру. І гэта на фоне іншых эканамічных праблемаў у РФ, зазначае аналітык.

«Пуцін мусіць вызначыць, ці зможа ён адысці ад сваіх максімалісцкіх патрабаванняў. Магчыма, ён мог бы пагадзіцца на спыненне агню, але толькі пры ўмове… некаторага хуткага паслаблення санкцый. Магчыма, ён мог бы прызнаць сяброўства Украіны ў ЕЗ. Але калі Украіна застанецца незалежнай і ўзброенай, ён пацерпіць крах. Калі Пуціна ўрэшце абвінавацяць у краху гэтага вялікага штуршку да міру, ён можа выявіць, што нават Трамп гатовы ўзмацніць падтрымку Кіева і накласці дадатковыя санкцыі на Расею», – рэзюмуе Фрыдман.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках