З палону ХАМАС вызваленыя яшчэ тры ізраільскія закладнікі
10- 15.02.2025, 12:55
- 3,696

Яны прабылі ў палоне 498 дзён.
У рамках пагаднення аб спыненні агню паміж Ізраілем і палестынскім радыкальным рухам ХАМАС у суботу, 15 лютага, на радзіму вярнуліся яшчэ тры ізраільскія закладнікі, захопленыя баевікамі 7 кастрычніка 2023 года, яны прабылі ў палоне 498 дзён, паведамляе «Нямецкая хваля».
Прадстаўнікі ХАМАС перадалі Міжнароднаму камітэту Чырвонага Крыжа (МКЧК) грамадзяніна Ізраіля і Расеі Аляксандра Труфанава, грамадзяніна Ізраіля і ЗША Сагі Дэкель-Хена і грамадзяніна Ізраіля і Аргенціны Яіра Хорна. У працэдуры, якая транслявалася ў прамым тэлеэфіры, удзельнічалі дзясяткі ўзброеных аўтаматамі баевікоў з закрытымі тварамі, на плошчы горада Хан-Юніс у паўднёвай частцы сектара Газа, дзе адбывалася вызваленне закладнікаў, сабраліся сотні чалавек.
Супрацоўнікі МКЧК падпісалі з баевікамі дакументы аб вызваленні ізраільцянаў. Пасля гэтага закладнікаў вывелі на сцэну і далі ім слова. Ізраільскія Telegram-каналы пішуць, што іх прымусілі выступаць паводле тэкстаў, складзеных джыхадыстамі.
У абмен на вызваленне суграмадзянаў Ізраіль выпусціць з турмаў 369 палестынскіх зняволеных, у тым ліку 36 асуджаных да пажыццёвых тэрмінаў пазбаўлення волі. Гэта самая буйная партыя асуджаных за тэрор у Ізраілі, якія вызваляюцца ў рамках пагаднення з ХАМАС. Большасць з іх будуць дэпартаваныя ў сектар Газа, а астатнія – праз Егіпет у трэція краіны.
Некалькі дзён таму, 10 лютага, у ХАМАС заявілі пра прыпыненне абмену, абвінаваціўшы Ізраіль у парушэнні ўмоваў пагаднення: сярод іншага ў перашкаджэнні вяртанню жыхароў паўночнай часткі сектара Газа і блакаванні гуманітарнай дапамогі. У адказ прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху высунуў ультыматум, заявіўшы, што калі закладнікі не будуць вызваленыя да поўдня 15 лютага, Ізраіль адновіць баявыя дзеянні. Пасля міжнароднага ціску і пасрэдніцтва пры ўдзеле Егіпта і Катара бакі пагадзіліся прадоўжыць абмен.
Цяперашні абмен з'яўляецца часткай пагаднення аб спыненні агню, дасягнутага ў студзені 2025 года, якое прадугледжвае вызваленне 33 ізраільскіх закладнікаў у абмен на 1900 палестынскіх зняволеных.
На гэты момант у палоне ў ХАМАС застаюцца 73 ізраільскія закладнікі з больш чым 250, захопленых падчас нападу 7 кастрычніка 2023 года. З іх 34 афіцыйна прызнаныя загінулымі.