Названая магутнасць дрона, які ўдарыў па Чарнобыльскай АЭС
2- 15.02.2025, 13:41
- 8,182

Гэта быў мадыфікаваны «Шахед».
Уначы 14 лютага Расея атакавала Чарнобыльскую АЭС. Расейцы ўдарылі па саркафагу мадыфікаваным «Шахедам».
Пра гэта заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас выступу на Мюнхенскай канферэнцыі, паведамляе 24 Канал.
Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што акупанты атакавалі ЧАЭС ноччу напярэдадні Мюнхенскай канферэнцыі ў бяспецы. Расейцы ўдарылі дронам па саркафагу, які накрывае разбураны 4-ы рэактар.
«Гэта быў мадыфікаваны расейскі дрон “Шахед”. Тэхналогія, якую Іран перадаў Расеі. Ягоная баявая частка несла не менш як 50 кілаграмаў выбухоўкі. І мы бачым гэта як глыбока сімвалічны крок Расеі, Пуціна», – падкрэсліў Уладзімір Зяленскі.
Украінскі лідар адзначыў, што нядаўна гаварыў з Дональдам Трампам пра найбуйнейшую ў Еўропе атамную станцыю, – Запарожскую АЭС, якая цяпер акупаваная расейцамі.
«І Расея адказала, запусціўшы дрон па Чарнобыльскім саркафагу, які стрымлівае радыеактыўны пыл і абломкі. І гэта не толькі вар'яцтва, а пазіцыя Расеі. Краіна, якая наносіць такія ўдары, – не хоча міру», – канстатаваў прэзідэнт Украіны.