Зяленскі заклікаў да стварэння Узброеных сілаў Еўропы
22- 15.02.2025, 14:09
- 5,430

Час прыйшоў.
На фоне расейскай пагрозы Еўропе патрэбныя ўласныя Узброеныя сілы. І час для іх стварэння ўжо надышоў.
Як паведамляе РБК-Украіна, пра гэта падчас выступу на Мюнхенскай канферэнцыі ў бяспецы заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
«Я веру ў Еўропу. І вы павінны верыць. І я заклікаю вас дзейнічаць – дзеля сябе і дзеля Еўропы – людзей Еўропы, вашых народаў, вашых дамоў, вашых дзяцей і нашай агульнай будучыні», – адзначыў Зяленскі.
Паводле ягоных словаў, Еўропа павінна стаць самадастатковай і аб'яднаць сваю сілу з Украінай.
Прэзідэнт нагадаў, што цяпер украінскія абаронцы, якіх падтрымліваюць іншыя краіны, стрымліваюць Расею. Але цяпер нельга выключаць магчымасці таго, што ЗША могуць сказаць Еўропе «не» ў пытаннях, якія ёй пагражаюць.
«Многія лідары гаварылі, што Еўропе патрэбныя ўласныя ўзброеныя сілы – Войска Еўропы. Я мяркую, што гэты час прыйшоў. Узброеныя сілы Еўропы павінны быць створаныя», – дадаў ён.
Таксама кіраўнік украінскай дзяржавы звярнуўся да генеральнага сакратара NATO Марка Рута, адзначыўшы, што такія Узброеныя сілы не стануць заменай Альянсу.
«Гаворка ідзе пра тое, каб зрабіць фундуш Еўропы ў наша партнёрства роўным фундушу Амерыкі. І нам патрэбен той самы падыход, калі гаворка ідзе пра дыпламатыю – супольную працу ў імя міру», – удакладніў ён.